У Смалявічах дзясяткі дамоў засталіся без ацяпленьня. Гэта ўжо пяты горад, у якім адбылася аварыя за апошнія дні

Работы ў Смалявічах. архіўны здымак

У Беларусі ўжо пяты горад за апошнія дні апынуўся без ацяпленьня праз аварыю.

20 студзеня каля дому № 22 на вуліцы Жодзінскай у Смалявічах адбыўся парыў трубаправоду дыямэтрам 219 мілімэтраў. Ліквідацыяй пашкоджаньня займаюцца камунальнікі зь мясцовай службы ЖКГ, паведаміла выданьне smolevichi-24.by, прыводзячы шмат фота і відэа зь месца падзей.

Рабочыя былі вымушаныя часова спыніць працу цэнтральнай кацельні гораду. З-за гэтага ў 47 шматкватэрных і 16 прыватных дамах узьніклі перабоі з ацяпленьнем.

Як паведаміў намесьнік старшыні Смалявіцкага райвыканкаму Аляксей Гарбач, рамонтныя работы ўжо пачаліся і, паводле ацэнак, зоймуць каля 4—5 гадзін. Поўнае аднаўленьне абаграваньня ва ўсіх дамах плянуецца да раніцы.

Гэта чарговая аварыя на цеплатрасе ў беларускіх гарадах, праз што частка жыхароў доўга сядзіць без ацяпленьня. Раней такія праблемы былі ў Гомлі, Жодзіне, Менску і Барысаве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пасьля аварыі ў жылых дамах двух раёнаў другі дзень няма цяпла


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жодзіне некалькі гадзін не было ацяпленьня ў частцы гораду — прарвала цеплатрасу

У Беларусі віруе цыклён «Улі». Што адбываецца ў гарадах і на дарогах. ФОТА