Хроніка перасьледу 20 студзеня. Паказаных у прапагандысцкім фільме радыёаматараў прызналі палітвязьнямі

Затрыманьне аднаго з радыёаматараў, стоп-кадар зь відэа дзяржаўнага тэлеканалу СТВ

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 14 чалавек

Сярод іх — трое затрыманых у справе «радыёаматараў».

  1. Вольга Барунова — распальваньне «іншай сацыяльнай варожасьці», садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 130, 361-4 КК)
  2. Вячаслаў Бянько — здрада дзяржаве (арт. 356 КК)
  3. Іван Вайноў — здрада дзяржаве, удзел у тэрарыстычнай арганізацыі, удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі іншай дзяржавы (арт. 356, 290-5, 361-3 КК)
  4. Віталь Жалезьнякоў — паклёп на А. Лукашэнку, распальваньне «іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130, 367 КК)
  5. Уладзімір Зінавенка — распальваньне «іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК)
  6. Аляксандар Залатарэвіч — абраза А. Лукашэнкі, распальваньне «іншай сацыяльнай варожасьці», заклікі да незаконных дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь (арт. 368, 361-1, 130 КК)
  7. Аляксандар Канавальчык — распальваньне «іншай сацыяльнай варожасьці», садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 130, 361-4 КК)
  8. Дзьмітры Капуза — падрыхтоўка тэрарыстычнага акта, незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (арт. 289, 295 КК)
  9. Вольга Капуза — падрыхтоўка тэрарыстычнага акта, незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (арт. 289, 295 КК)
  10. Аляксей Кердаль — распальваньне «іншай сацыяльнай варожасьці», удзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 130, 342 КК)
  11. Мікіта Красько — здрада дзяржаве (арт. 356 КК)
  12. Дзяніс Пятроў — распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці (арт. 130 КК)
  13. Андрэй Рэпецій — здрада дзяржаве (арт. 356 КК)
  14. Тацьцяна Шынкевіч — распальваньне «іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК).

Цяпер у Беларусі 1158 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны».

Палітзьняволенага з Мазыра асудзілі на 4,5 году зьняволеньня ў «справе Гаюна»

Стала вядома, што ў Гомельскім абласным судзе разглядалі крымінальную справу супраць палітвязьня Аляксандра Герасіменкі. Яго абвінавачвалі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Як мяркуюць праваабаронцы — за ўзаемадзеяньне з тэлеграм-каналам «Беларускі Гаюн».

Паводле інфармацыі «Гомельскай вясны», Аляксандра асудзілі на 4 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі.

«Вясна» з дапамогай «Белпола» даведалася, што Герасіменка мае дзьвюх непаўналетніх дачок. Апошняе вядомае месца працы Аляксандра — «Мазырсоль». Да гэтага мазырчук працаваў трэнэрам веславаньня і намесьнікам дырэктара ў дзіцячай спартовай школе.

Палітвязень Сяргей Ботвіч у сьнежні абвясьціў галадоўку

Пра гэта «Люстэрку» паведаміў адзін з былых вязьняў. Паводле яго, галадоўка ўскладняецца наяўнасьцю ў палітвязьня сурʼёзных захворваньняў.

«Лекаў, якія яму неабходныя, у Беларусі няма, а родным прынесьці яму патрэбныя прэпараты не дазваляюць. Галадоўка для яго — гэта сьмяротная рызыка», — сказаў суразмоўца выданьня.

Сяргей Ботвіч — ураджэнец Беларусі, але мае грамадзянства Літвы і Францыі. 61-гадовага бізнэсоўца абвінавацілі ў 2022 годзе паводле двух артыкулаў — «шпіянаж» і «агентурная дзейнасьць». Яго асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі і адправілі ў калёнію № 22 пад Івацэвічамі, вядомую як «Ваўчыныя норы». Ботвіч віны не прызнае і лічыць сябе палітычным закладнікам, піша «Вясна».

Беларуса за камэнтар пад відэа з даішнікамі пакаралі двума гадамі «хіміі» і штрафам у 4200 рублёў

Міліцыя палічыла абразьлівым камэнтар 23-гадовага менчука пад відэа, дзе ДАІ гоніцца за самакатычкам, піша «Вясна».

КДБ унёс у сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» ініцыятыву Free Belarus Center

Адпаведнае рашэньне было прынятае КДБ 15 студзеня, піша «Вясна».

Паводле ведамства, да ініцыятывы датычныя

  • Паліна Бродзік,
  • Альвіна Мінгазава,
  • Іван Марозька,
  • Марта Скугарава.

Free Belarus Center дамагаецца міжнароднай міжнароднай рэакцыі на рэпрэсіі ў Беларусі. А таксама дапамагае людзям, вымушаным пакінуць Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі сярод палітвязьняў прынамсі 22 іншаземцы. Хто гэта