У забароненай кнізе пра БНР экспэртыза выявіла несупадзеньні з асновамі беларускай ідэалёгіі

Фрагмэнт вокладкі кнігі Дароты Міхалюк, выдадзенай па-беларуску ў 2015 годзе

29 сьнежня Міністэрства інфармацыі дадало ў сьпісы забароненых выданьняў кнігу польскага гісторыка Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1929 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасьці». І толькі цяпер пракуратура паведаміла, што гэтаму папярэднічала.

Кніга Дароты Міхалюк упершыню выйшла ў перакладзе на беларускую мову ў 2015 годзе і з таго часу прадавалася ў Беларусі.

Летась нехта ў пракуратуры Горацкага раёну Магілёўскай вобласьці натрапіў на старонку з кнігай у інтэрнэт-кнігарні. І пракурор адправіў яе на экспэртызу.

Адмысловая «рэспубліканская камісія па правядзеньні ацэнкі сымболікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі» знайшла ў кнізе фрагмэнты, якія нібыта супярэчаць палажэньням дырэктывы Лукашэнкі «Аб рэалізацыі асноў ідэалёгіі беларускай дзяржавы», якую ён падпісаў 9 красавіка 2025 году.

А значыць — уся кніга можа можа нанесьці «шкоду нацыянальным інтарэсам» і яе трэба забараніць. Што міністэрства інфармацыі і зрабіла пры канцы сьнежня.

Кніга зьнікла з продажу ў Беларусі. Але за мяжой можна купіць ейнае перавыданьне, надрукаванае летась у Беластоку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад турэмнай літаратуры да навуковай фантастыкі. Якія беларускія кнігі выйшлі ў 2025 годзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ПЭН стварыў сайт пра забароненыя ўладамі Беларусі кнігі