Малдова пачала працэс выхаду з СНД

Міхай Папшой

Дзяржава дэнансуе тры асноўныя пагадненьні Садружнасьці незалежных дзяржаў.

Урад Малдовы пачаў працэс дэнансацыі трох ключавых пагадненьняў, якія ў 1990-я гады замацавалі сяброўства краіны ў Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД). Пра гэта на Радыё Малдовы паведаміў міністар замежных спраў і намесьнік прэм’ер-міністра Малдовы Міхай Папшой.

Дакумэнты, якія дэнансуе Малдова:

  • Статут СНД, падпісаны ў Менску 22 студзеня 1993 году;
  • Пагадненьне аб стварэньні СНД ад 8 сьнежня 1991 году;
  • Пратакол ад 22 сьнежня 1991 году.

Папшой удакладніў, што дакумэнты, што тычацца дэнансацыі, дадуць дэпутатам на пачатку новай парлямэнцкай сэсіі. Іншыя пагадненьні з СНД, якія прыносяць карысьць грамадзянам, застануцца ў сіле, удакладніў віцэ-прэм’ер.

Малдова з 2023 году прыпыніла свой удзел у дзейнасьці СНД, адзначае Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова просіць Румынію дапамагчы збалянсаваць энэргасыстэму пасьля расейскага ўдару па энэргетыцы Ўкраіны

Як заявіў Папшой, Малдова завяршае патрэбныя фармальнасьці для канчатковага выхаду з СНД, альянсе, які быў створаны пасьля распаду Савецкага Саюзу.

«Дэнансацыя трох пагадненьняў дазволіць нам заявіць, што зь юрыдычнага пункту гледжаньня мы больш не сябры арганізацыі. Па сутнасьці, мы часова прыпылілі наш удзел, але „дэ-юрэ“ мы ўсё яшчэ сябры арганізацыі», — сказаў міністар.

Міхай Папшой назваў спыненьне дзеяньня пагадненьняў пра СНД «важным крокам умацаваньні эўрапейскай арыентацыі краіны».

Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду, якая выступае за далучэньне краіны да Эўрапейскага зьвязу да канца гэтага дзесяцігодзьдзя, асудзіла ўварваньне Расеі ва Ўкраіну і абвінаваціла Крэмль у спробе дывэрсій, скіраваных супраць ураду ў Кішынёве. Раней спэцслужбы Малдовы неаднаразова фіксавалі спробы расейскай выведкі ўмешвацца ў выбары ў Малдове дзеля паляпшэньня пазыцый прарасейскіх кандыдатаў, а таксама вэрбаваньня грамадзянаў для правядзеньня розных дывэрсій на тэрыторыі краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз гатовы пашырацца далей. Якія краіны далучацца і калі? Аналіз Рыкарда Юзьвяка