МАГАТЭ: Чарнобыльская АЭС у выніку ваенных дзеяньняў цалкам засталася без энэргазабесьпячэньня

Пашкоджаны расейскім дронам саркафаг Чарнобыльскай АЭС пасьля ўдару 14 лютага 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (IAEA, МАГАТЭ) Рафаэль Гросі заявіў, што сёньня раніцай некалькі украінскіх электрападстанцый, якія маюць вырашальнае значэньне для ядзернай бясьпекі, пацярпелі «ад маштабных ваенных дзеяньняў».

«На Чарнобыльскай АЭС цалкам адключана электразабесьпячэньне за межамі пляцоўкі, а таксама пацярпелі лініі электраперадач, якія вядуць да іншых АЭС», — адзначаецца ў паведамленьні.

Рафаэль Гросі дадаў, што МАГАТЭ пільна адсочвае разьвіцьцё падзей, каб ацаніць іх уплыў на ядзерную бясьпеку.

Аднак у паведамленьні не згадвацца роля Расеі і расейскіх войскаў у гэтай сытуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некалькі гарадоў Украіны зноў засталіся безь сьвятла і цяпла. Расейскія ракеты ляцелі і над тэрыторыяй Беларусі

У ноч на 20 студзеня расейскія войскі правялі камбінаваную атаку супраць Украіны з выкарыстаньнем больш за 300 баявых дронаў і 34 ракетамі, у тым ліку балістычнымі.

Згодна з інфармацыяй украінскіх маніторынгавых каналаў, Расея атакавала прыблізна 14 энэргетычных аб’ектаў — трансфарматарныя падстанцыі, ЦЭЦ і ЦЭС.

Як вынікае з апублікаванай мапы абстрэлаў, ракеты, запушчаныя з вайсковай базы ў Клінцах Бранскай вобласьці Расеі і скіраваныя на Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьці, праляталі над тэрыторыяй Беларусі — праз Добрускі раён Гомельскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ідзе рамонт саркафагу Чарнобыльскай АЭС пасьля ўдару расейскага дрона. ВІДЭА

Гэта ня першы выпадак, калі праз расейскія абстрэлы Чарнобыльская АЭС засталася без электраэнэргіі. 14 лютага 2025 года парушыла цэласнасьць зьнешняй абалонкі новага бясьпечнага канфайнмэнту і выклікала працяглы пажар, у выніку якога была значна парушаная ўнутраная гермэтычная мэмбрана саркафагу.

Чарнобыльская АЭС знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці ад Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарнобыльская АЭС засталася без сьвятла пасьля абстрэлу Славуціча