Польская пракуратура пра сьмерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу

Мікіта Мелказёраў, архіўнае фота

Анатамаваньне ня выявіла прыкметаў таго, што журналіст Мікіта Мелказёраў памёр ад траўмы, аднак лекары знайшлі зьмены, якія сталі вынікам хранічнага захворваньня.

Пра гэта «Белсату» расказаў прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба.

Скіба адзначыў, што справа аб ненаўмысным забойстве была прыпыненая ў чаканьні мэдычнай высновы аб выніках судова-мэдычнага анатамаваньня і таксыкалягічных дасьледаваньняў.

«Дасьледаваньні падчас анатамаваньня ня выявілі траўматычных зьменаў, якія б маглі выклікаць сьмерць; выяўленыя зьмены, зьвязаныя з хранічнымі хваробамі памерлага», — сказаў прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы.

Што гэта за захворваньне, пракуратура не раскрывае.

Журналіст Мікіта Мелказёраў памёр ноччу 21 сьнежня 2025 году дома ў Варшаве. Пракуратура пачала расьсьледаваньне паводле артыкулу аб ненаўмысным забойстве. Як адзначаў раней у камэнтары «Белсату» Пётр Антоні Скіба, «гэта традыцыйная фармулёўка, якая даецца ў сытуацыях, калі прычына сьмерці невядомая».

Пасьля апытаньня ўдавы Мікіты галоўная вэрсія сьледзтва на канец сьнежня зыходзіла з таго, што сьмерць журналіста была негвалтоўная.

Мікіту Мелказёраву было 37 гадоў. Ён стаў шырока вядомы як аўтар і вядоўца праекту «Жыцьцё-маліна». Таксама ён быў аўтарам і суаўтарам праектаў «Загляне сонца», падкасту «Нешта будзе», сувядоўцам праграмы «Мова нанова» на «Белсаце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікіта Мелказёраў, Моцарт беларускага Ютуба
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла апошняе інтэрвію Мікіты Мелказёрава, якое ён запісаў з былым дырэктарам беларускай Свабоды