«У сілавікоў кепская сувязь, а вінаватыя радыёаматары». Чаму людзей з аматарскімі радыёстанцыямі абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве

Затырманьне па "справе радыёаматараў", скрыншот зь відэа СТВ

Беларуская дзяржаўная тэлевізія паведаміла пра затрыманьне 7 радыёаматараў, імёны трох зь іх назвалі. Нібыта яны «перахоплівалі дзяржаўныя сакрэты». Расказваем, чым насамрэч займаюцца радыёаматары і пры чым тут дзяржаўныя сакрэты.

15 студзеня на дзяржаўным тэлеканале СТБ, у праграме «Без прыкрыцьця», якую вядзе Раман Пратасевіч, паведамілі пра затрыманьне ў Беларусі радыёаматараў. У сюжэце паказалі дваіх затрыманых — Мікіту К. і Андрэя Р. Трэцяга «фігуранта» не паказалі, але назвалі і ягонае імя — Вячаслаў Б.

Паводле вэрсіі прапагандыстаў, затрыманыя нібыта працавалі пад выглядам «радыёклюбу» і дзякуючы далучэньню да службовых радыёчастот праслухоўвалі ўсе размовы, якія вяліся на вайсковых аэрадромах і пазыцыях сілаў супрацьпаветранай абароны. А таксама перамоваў у Міністэрстве абароны, МУС, службе бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку з дэталізацыяй маршрутаў яго перамяшчэньня.

Паводле дзяржаўнай тэлевізіі, групу нібыта стварылі з замежнай дапамогай, аднак не ўдакладнілі, адкуль гэтая дапамога была.

Раман Пратасевіч падас першай пасьля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair прэсавай канферэнцыі

У сюжэце гаворыцца, што «да адказнасьці прыцягнулі больш за 50 чалавек», «вынялі 500 адзінак радыёабсталяваньня», сямёра «ключавых фігурантаў узятыя пад варту». Іх дзеяньні сьледзтва кваліфікуе як «здраду радзіме» і «шпіянаж». Пакараньне паводле такіх артыкулаў можа прадугледжваць пажыцьцёвае зьняволеньне ці нават сьмяротнае пакараньне.

Што вядома пра затрыманых

Найбольш цытатаў у паказаным сюжэце належыць затрыманаму Мікіту К. Як вынікае зь ягонага акаўнту ў TikTok, мужчына цікавіўся машынамі і роварамі, а ягоны род заняткаў быў зьвязаны з будаўніцтвам.

Пра іншага паказанага ў сюжэце фігуранта справы Андрэя Р. вядома мала. Паводле выданьня «Наша ніва», яму за 50 гадоў, працаваў у прыватнай кампаніі продажу аўтамабільных дэталяў.

Ён быў актыўны на многіх інтэрнэт-форумах радыёаматараў у 2010–2018 гадах.

Трэцяга фігуранта — Вячаслава Б. — у сюжэце не паказалі. Ёсьць старонка пад такім імем у сацыяльнай сетцы «Укантакце». Мяркуючы па ёй, затрыманы мае сям’ю і дзяцей, цікавіцца падарожжамі. На чалавека з гэтым імем аформлены статус ІП.

Праваабаронцу «Вясны» і былога палітзьняволенага Уладзя Лабковіча ўвосень 2025 году трымалі ў адной камэры СІЗА КДБ з Андрэем Р., затрыманым у справе радыёаматараў. Ён расказаў, што сілавікі зрабілі гэтую справу «сакрэтнай».

«Справа сакрэтная, таму Андрэй у камэры ніколі не апавядаў, у чым сутнасьць гэтай справы. Андрэй вельмі рэлігійны чалавек, праваслаўны. Ён увесь час чытаў Біблію. За кошт гэтай рэлігійнасьці ён абсалютна непарушны. Таму яму нібыта прасьцей гэта ўсё праходзіць. Як пісалі пра вязьняў канцлягераў — прасьцей за ўсё там было людзям рэлігійным. У дворыках ён займаецца спортам, таму ён у парадку фізычным і маральным», — апісваў затрыманага Уладзь Лабковіч.

Хто такія радыёаматары і як яны «здрадзілі дзяржаве»

У Беларусі афіцыйна з 1993 году працуе Беларуская фэдэрацыя радыёаматараў і радыёспартсмэнаў. Згодна з сайтам фэдэрацыі, на яе базе праводзяцца спаборніцтвы, сэмінары, абмен інфармацыяй. У статуце фэдэрацыі запісана, што ейная мэта — разьвіцьцё і ўдасканаленьне радыёаматарскага руху, а таксама «супрацоўніцтва з радыёаматарамі і радыёаматарскімі арганізацыямі іншых краін».

Усе затрыманыя ў межах гэтай справы мелі свае пазыўныя сыгналы. Такі пазыўны даюць тым, хто здаў кваліфікацыйны экзамэн і атрымаў ліцэнзію радыёаматара. Таксама для атрыманьня пазыўнога трэба прайсьці рэгістрацыю ў дзяржаўнай інспэкцыі электрасувязі. Толькі тыя, хто прайшоў гэтыя этапы, могуць вывучаць радыёэтэр у дазволеных дыяпазонах, то бок на пэўных хвалях. Трэба карыстацца зарэгістраванай тэхнікай. Рэгіструюцца перадатчыкі павышанай магутнасьці (мацнейшыя за 0,5 Вт, іх паказалі ў сюжэце прапагандыстаў). Паводле закону радыёаматары могуць навязваць сувязь, у тым ліку з такімі ж аматарамі зь іншых краін. Яны дзеляцца QSL-карткамі — гэта спэцыяльнае паштовае пацьверджаньне сэансаў радыёсувязі, якія правёў аматар.

«Таннае барахло»

Навуковец Сяргей Бесараб, радыёаматар з 20-гадовым стажам (пазыўны EU1AEY), у размове з Свабодай тлумачыць, што затрыманыя людзі вінаватыя толькі ў тым, што «ў сілавікоў сувязь — таннае барахло».

«У другой палове XXI стагодзьдзя радыёсувязь паўсюдная, мяняюцца толькі хвалі, і для радыёаматараў гэта разгорнутая кніга. У Беларусі проста захацелі зьнішчыць гэты рух, які афіцыйна існуе. У затрыманых былі афіцыйныя паперы, якія дазваляюць ім гэтым займацца, трымаць абсталяваньне, там складаны экзамэн у сотню тэхнічных пытаньняў. Выявілася, што сілавікі, ахова Лукашэнкі — малаадукаваныя дзікуны, якія набывалі таннае барахло і празь яго размаўлялі. А гэтыя хлопцы вінаватыя толькі ў тым, што трапілі на гэтыя перамовы за кошт рэгулятара свайго прымача. Выявілася, што іхны радыёэтэр — дзірка, якую спэцыяліст можа чытаць як разгорнутую кнігу, нічога не зашыфравана», — заўважае навуковец.

Сяргей Бесараб, навуковец і радыёаматар

Ён зьвяртае ўвагу на тое, што пра затрыманьне радыёспэцыялістаў расказаў у сваёй праграме новы вядоўца СТБ Раман Пратасевіч, які «ня мае нават вышэйшай адукацыі, ня тое што нейкіх утылітарных тэхнічных ведаў». Таксама Бесараб кажа, што ў сюжэце паказалі «дзіцячыя рацыі» — такое абсталяваньне радыёаматары дарылі дзецям, каб тыя забаўляліся, прыводзіць прыклад суразмоўца.

«Нам на поўным сур’ёзе кажуць, што яны ўзламалі гэтыя рацыі. Раней старшыня КДБ Тэртэль казаў, што затрымалі спэцыялістаў, якія адсочвалі пералёты самалётаў і перамовы авіятараў. Гэта авіяспотынг радыёсыгналаў, рух, які налічвае сотні тысяч чалавек ува ўсім сьвеце, гэта ўсё трансьлюецца ў абсалютна адкрытым фармаце. Ува ўсім сьвеце гэта норма, гэта стымулюецца на ўзроўні дзяржавы. Паводле рэглямэнту ITU (Міжнародны зьвяз электрасувязі), авіячастоты 118–137 МГц адкрытыя — даступныя для ўсіх, хто хоча іх слухаць», — дадае Сяргей Бесараб.

Пералёты самалётаў можна адсочваць у рэальным рэжыме праз сэрвісы кшталту FlightRadar, гэтая інфармацыя не сакрэтная і не таемная.

«Затрыманыя проста мелі розум і тэхнічныя веды, мелі тэхніку і разьбіраліся ў ёй. Зараз аматары частавыкарыстоўваюць вельмі танныя SDR-прымачы (Software-defined radio, праграмна кіраванае радыё, напрыклад RTL-SDR), якія дазваляюць аналізаваць этэр на кампутары. Гэта легальнае абсталяваньне для спотынгу, мэтэарадараў, спадарожнікаў сувязі SATCOM і радыёаматарскай DX-сувязі. Але, паводле лёгікі дзяржавы, вінаватыя ня нейкія прадстаўнікі ўлады, якія асвоілі грошы на выбудову сыстэмы дзяржаўнай сувязі і выбудавалі яе такім кепскім чынам, а вінаватыя радыёаматары, якія проста любілі сваё хобі і натрапілі на гэтую сувязь. У нармальнай краіне гэтых радыёаматараў паставілі бы адразу на месца тых, хто арганізаваў такую сувязь», — разважае Бесараб.

Што да перадачы зьвестак за мяжу, то радыёаматары калекцыянуюць QSL-карткі, якія сьведчаць пра ўстанаўленьне сувязі зь іншымі аматарамі, у тым ліку зь іншых краін. Гэта распаўсюджаная і абсалютна нармальная практыка, працягвае навуковец.

«Мы пачулі адно аднога ў этэры, назваліся, устанавілі сувязь. Напрыклад, ты ўстанавіў доўгую сувязь і паразмаўляў з французам, брытанцам. Вы пагаварылі пра тое, якія ў вас перадатчыкі. Гэтая сувязь запісваецца ў адмысловыя „апаратныя журналы“ (логбукі) накшталт агульнасусьветнага qrz.com. Гэта абсалютна адкрытыя дадзеныя. А сілавікі выстаўляюць, нібыта гэта перадача нейкіх дадзеных для NATO. Ды нават у СССР такога не было», — гаворыць Бесараб.

Арыштаваных у «справе радыёаматараў» абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве і шпіянажы. Крымінальнае заканадаўства Беларусі прадугледжвае за гэтыя злачынствы пакараньне ад вялікіх тэрмінаў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага або кары сьмерцю.

Як у Беларусі перасьледуюць за хобі і прафэсію

Перасьлед групаў людзей, якіх аб’ядноўвае адно хобі ці прафэсійная дзейнасьць, у Беларусі ня рэдкасьць. Напрыклад, у красавіку летась сілавікі затрымалі дзьвюх жанчын і аднаго мужчыну ў Менску і абвінавацілі іх у «здрадзе дзяржаве». Падставай стала тое, што гэтыя спэцыялісты займаліся сацыялягічнымі дасьледаваньнямі. Фактычна незалежныя дасьледаваньні на легальнай падставе сілавікі кваліфікавалі як «дзеяньні, якія наносяць шкоду дзяржаве», і прыраўнялі іх да «здрады радзіме».

Расейскі самалёт А-50 на аэрадроме "Мачулішчы", які быў пашкоджаны падчас атакі дронам

Аднаго зь фігурантаў справы сацыёляга Яўгена Красьнянскага суд прызнаў вінаватым у «здрадзе дзяржаве» і прысудзіў яму 7,5 года пазбаўленьня волі і штраф 25 000 рублёў. Прысуды іншым затрыманым невядомыя.

Пасьля дывэрсіі на аэрадроме ў Мачулішчах 26 лютага 2023 году, калі быў пашкоджаны расейскі вайсковы самалёт далёкага радыёлякацыйнага выведваньня А-50, у Беларусі прайшлі рэйды КДБ сярод наведнікаў стралковых клюбаў, а таксама страйкбалістаў. Паводле інфармацыі мэдыя, тады затрымалі дзясяткі людзей.

За гэтую дывэрсію асудзілі ўкраінца Мікалая Швяца — 25 гадоў калёніі, ІТ-спэцыяліста Дзьмітрыя Маставога — 10 гадоў калёніі. Агулам за нібыта датычнасьць да гэтай атакі асудзілі 12 чалавек на тэрміны ад 3 месяцаў да 25 гадоў. Мікалая Швяца вызвалілі ў межах абмену ў чэрвені 2024 году.

Затрыманьні цэлых групаў людзей на падставе іхных хобі бывалі і раней. У 2017 годзе на хвалі пратэстаў супраць дэкрэту аб дармаедах, які абавязваў тых, хто не працуе, плаціць за гэта дзяржаве грошы сілавікі раскруцілі «справу патрыётаў».

Тады супрацоўнікі КДБ затрымалі тры дзясяткі чалавек, сярод іх сябры колішняга спартова-патрыятычнага клюбу «Белы легіён» (спыніў дзейнасьць за 15 гадоў да таго), актывісты «Маладога фронту», аматары спорту на сьвежым паветры ды іншыя актывісты. Усіх іх вінавацілі ў «рыхтаваньні масавых беспарадкаў», некаторым дадаткова інкрымінавалі «стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня». Многія фігуранты правялі за кратамі больш за 2 месяцы. Урэшце ўсіх выпусьцілі, а справу закрылі.