Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы заявіла, што ў руху нелегальных мігрантаў з Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз кожную зіму з розных прычын здараюцца паўзы, але гэтым разам можна падазраваць і зьмены ў паводзінах менскага рэжыму, перадае агенства навінаў BNS.
«У цяперашні час можна падазраваць, што дзейнасьць у арганізацыі гэтых мігрантаў, іх накіраваньні, дапамогі ім і таму падобнага — яна цяпер у пэўным сэнсе прыпыненая», — сказаў агенцтву BNS прэс-сакратар Службы Гедрус Мішуціс.
Літва за апошнія дзесяць дзён не зафіксавала ніводнага мігранта зь Беларусі, які спрабаваў бы незаконна трапіць у краіну. На мяжы Латвіі зь Беларусьсю мігрантаў апошні раз фіксавалі 30 сьнежня, на польскай мяжы — 9 студзеня.
З словаў Мішуціса, само па сабе гэта ня новая тэндэнцыя.
«За ўвесь студзень 2024 году было 15 дзён, калі ўва ўсіх трох краінах таксама былі нулі. І адзін пэрыяд з нулямі ўва ўсіх трох краінах доўжыўся восем дзён запар, нават тры дні з нулямі перайшлі на люты, — сказаў Мішуціс. У студзені 2025 году было пяць дзён, калі ўва ўсіх трох краінах таксама былі нулі. Гэта карацейшы пэрыяд, але ўсё ж гэта не навіна», — дадаў ён.
Паводле прадстаўніка памежнікаў Літвы, больш дакладна тэндэнцыі нелегальнай міграцыі з Беларусі будуць праясьняцца разам з пацяпленьнем.
Частка палітычных аглядальнікаў мяркуе, што нелегальная міграцыя з Беларусі ў Эўразьвяз магла абмяркоўвацца на праведзенай у сьнежні сустрэчы ў Менску пасланьніка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасьля яе амэрыканскі чыноўнік паведаміў, што Лукашэнка паабяцаў спыніць запускі кантрабандных паветраных балёнаў у Літву, аднак нелегальная міграцыя ня згадвалася.