Інфармацыя, якую маюць вайскоўцы і памежнікі Латвіі, а таксама асобныя зафіксаваныя выпадкі пацьвярджаюць «удзел праваахоўных і ваенных структур Беларусі ў накіраванні нелегальных мігрантаў да мяжы Латвіі», паведаміла агенцтва LETA са спасылкай на латвійскія Нацыянальныя ўзброеныя сілы.
З матэрыялу вынікае, што «выяўленыя выпадкі, якія ўказваюць на скаардынаваныя дзеяньні, у тым ліку перавозку мігрантаў вайсковым транспартам Беларусі і ўдзел службовых асоб у арганізацыі спроб перасячэньня мяжы».
«Падчас правядзеньня мерапрыемстваў па ахове мяжы ў аднаго з затрыманых нелегальных перасякальнікаў мяжы былі знойдзеныя дакумэнты і сродкі сувязі, якія належаць беларускаму вайскоўцу, — заявілі ў Рызе. — У ходзе праведзенай праверкі выяўлена, што названыя матэрыялы належаць вайскоўцу выведвальнага батальёна 19-й гвардзейскай мэханізаванай вобласьці (в. Заслонава Лепельскага раёна. — „Позірк“.). Дакумэнты ўключалі ўнутраную дакумэнтацыю воінскай часьці, у тым ліку ўлік выдадзеных матэрыяльна-тэхнічных сродкаў».
Сьцьвярджаецца, што ў мабільных прыладах затрыманых замежнікаў «былі выявы, на якіх адлюстраваныя службовыя асобы памежнай службы Беларусі разам зь нелегальнымі мігрантамі, у тым ліку ў транспартных сродках вайсковага тыпу».
«Зафіксаваныя выпадкі, калі прадстаўнікі памежных структур Беларусі ўдзельнічалі ў дастаўцы імігрантаў да месцаў, адкуль іх накіроўваюць для перасячэньня дзяржаўнай мяжы Латвіі», — гаворыцца ў тэксьце.
Акрамя таго, паводле інфармацыі латвійскіх вайскоўцаў, «выяўленыя выпадкі, якія сьведчаць аб выкарыстаньні нелегальных мігрантаў для збору інфармацыі і аб іншых элемэнтах гібрыдных пагроз».
Апрача таго што вайскоўцы і памежнікі Латвіі «рэгулярна фіксуюць праявы радыёэлектроннай барацьбы з боку тэрыторыі Беларусі, якія ўплываюць на працу сыстэм сувязі і навігацыі ў прымежных раёнах».
Як паведамляў «Позірк», у 2025 годзе ў Латвіі зафіксавана больш за 12 тысяч спроб нелегальнага пранікненьня мігрантаў з беларускай тэрыторыі. «Пікавым» стаў 2023 год, калі на латвійскім участку беларускай мяжы такіх спроб было крыху менш за 13,9 тысячы, у 2024-м іх колькасьць упала да 5,3 тысячы.
У 2026 годзе Латвія пакуль не фіксавала выпадкаў парушэньня мяжы з боку Беларусі.
Улады Латвіі неаднаразова працягвалі ўзмоцнены рэжым аховы, уведзены ў памежжы зь Беларусьсю з-за нелегальнай міграцыі. У апошні раз — да 30 чэрвеня 2026 года.
Начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс 29 сьнежня мінулага года заявіў, што нелегальная міграцыя на мяжы з Беларусьсю «ненатуральнага паходжаньня», таму зьмены рэжыму аховы магчымыя толькі ў тым выпадку, калі Менск «вырашыць спыніць гэты ціск».
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
- 3 кастрычніка 2024 году міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк прызнаўся, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю стала «адным з самых сур’ёзных крызісаў» для польскай дзяржавы і «велізарным выклікам» для яго самога.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча збудавалі сьцяну на мяжы зь Беларусьсю. Урады спачатку Літвы, а потым Латвіі і Польшчы ўлетку 2021-га зрабілі істотна стражэйшым заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў сумежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў.
- Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны ЭЗ. Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- З пачатку 2025 году, паводле падлікаў «Позірку», Польшча спыніла сама меней 4,6 тысячы спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі, з пачатку красавіка — больш за 1,1 тысячы спробаў.
- За 2024 год Літва, Латвія і Польшча агулам спынілі 36,3 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі.
о