Праз пашкоджаньне ўчастку № 41 цэнтральнага ацяпленьня тэмпэратура цепланосьбіта зьнізілася для некаторых спажыўцоў у Фрунзэнскім, Маскоўскім, Цэнтральным, Савецкім і Кастрычніцкім раёнах, паведамілі ў «Менскэнэрга». Гэтае паведамленьне зьявілася каля 6-й гадзіны раніцы.
Адмыслоўцы цяпер вызначаюць прычыны пашкоджаньня.
Зараз вядуцца работы для аднаўленьня тэмпэратурных і гідраўлічных эксплюатацыйных умоваў сыстэмы ацяпленьня.
Дзяржаўнае камунальнае прадпрыемства запэўнівае грамадзян, што вядзе работы, каб найхутчэй вярнуць ацяпленьне ў дамы.
Пазьней у канцэрне «Белэнэрга» паведамілі, што для аднаўленьня ціску і тэмпэратуры цепланосьбіта ў Менску разгарнулі пікава-рэзэрвовыя кацельні.
«Цяпер усе кацельні працуюць ва ўласным контуры. Тэмпэратура цепланосьбіта расьце і цягам бліжэйшых гадзін дасягне нормы», — сказаў генэральны дырэктар «Мінскэнэрга» Павел Гарудка.
На мінулым тыдні без ацяпленьня засталася частка гораду Жодзіна, дзе прарвала цеплатрасу. Таксама аварыя, якая пакінула вялікую колькасьць жыхароў без ацяпленьня ў маразы, адбылася ў Гомлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі з-за аварыі 90 прыватных дамоў засталіся без вады