Эўрапейскія лідэры зьбіраюцца на экстранае пасяджэньне праз пагрозы Трампа

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Эўрапейскія лідэры лічаць пагрозы Дональда Трампа ўвесьці пошліны супраць краін, якія накіравалі вайскоўцаў у Грэнляндыю, непрымальнымі і няправільнымі.

Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон напісаў, што Парыж адданы сувэрэнітэту і незалежнасьці нацый як у Эўропе, так і па-за яе межамі, і на гэтай падставе прыняў рашэньне далучыцца да вучэньняў, ініцыяваных Даніяй у Грэнляндыі. Ён дадаў, што эўрапейцы «адкажуць адзіным і скаардынаваным чынам».

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр заявіў, што «ўвядзеньне пошлін за забесьпячэньне калектыўнай бясьпекі саюзьнікаў па NATO зусім няслушнае». «Мы, вядома ж, будзем наўпрост абмяркоўваць гэтае пытаньне з адміністрацыяй ЗША», — дадаў Стармэр.

Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц сказаў, што Грэнляндыя абмяркоўваецца ў рамках NATO: «Я спадзяюся, што ў рамках NATO нам удасца прыйсьці да ўзаемапрымальнага рашэньня».

Кіраўнік МЗС Даніі Ларс Леке Расмусэн назваў заяву Трампа «нечаканай». «Мэта павелічэньня вайсковай прысутнасьці ў Грэнляндыі, на якую спасылаецца прэзыдэнт ЗША, заключаецца менавіта ў павышэньні бясьпекі ў Арктыцы», — дадаў ён.

На гэтым тле ў нядзелю раніцай Нямеччына раптоўна адклікала сваіх вайскоўцаў з Грэнляндыі. Вывад камандзіраваных вайскоўцаў адбыўся на наступную раніцу пасьля абвяшчэньня аб падаўжэньні іх місіі, піша Bild, публікуючы фота вайсковых, якія стаяць на пасадку ў самалёт.

Кіраўнік місіі, адмірал Штэфан Паўлі, у суботу казаў пра прызначаныя сустрэчы з вайскоўцамі іншых краін у Грэнляндыі, але а 8:30 раніцы нядзелі асабовы склад з рэчамі ўжо быў у аэрапорце.

15 нямецкіх вайскоўцаў вяртаюцца ў Нямеччыну ў адпаведнасьці з плянам, заявілі ў бундэсвэры. «Разьведвальная місія прайшла пасьпяхова, і ўсе задаволеныя. Цяпер ацэнка будзе праведзеная ў Нямеччыне», – заявіў прадстаўнік Апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сіл Нямеччыны. Місія, як заявілі ў Бэрліне, заключалася ў вывучэньні спосабаў павышэньня бясьпекі Грэнляндыі ад пагрозы, напрыклад, з боку Расеі.

У нядзелю восем краін, на якія распаўсюджваюцца новыя тарыфныя пагрозы Дональда Трампа, выпусьцілі сумесную заяву, у якой выказалі «поўную салідарнасьць з Каралеўствам Данія і народам Грэнляндыі».

«Мы гатовыя да дыялёгу, заснаванага на прынцыпах сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, якія мы цьвёрда падтрымліваем. Пагрозы ўвядзеньня тарыфаў падрываюць трансатлянтычныя адносіны і ствараюць рызыку небясьпечнай сьпіралі пагаршэньня адносін. Мы будзем і надалей дзейнічаць аднадушна і скаардынавана», – гаворыцца ў заяве.

Амбасадары краін Эўразьвязу 18 студзеня зьбяруцца на экстранную нараду ў сувязі з заявамі Трампа наконт Грэнляндыі, перадае Reuters. Нараду склікаў Кіпр, які ад 1 студзеня старшынюе ў Радзе

  • Напярэдадні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб увядзеньні пошлін для нязгодных зь яго палітыкай па Грэнляндыі. З першага лютага на ўсе тавары, якія пастаўляюцца ў ЗША з Даніі, Нарвэгіі, Швэцыі, Францыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Нідэрляндаў і Фінляндыі будзе накладзена пошліна ў 10%. З першага чэрвеня яна вырасьце да 25%. Аб гэтым Дональд Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы.
  • «Гэтая пошліна будзе выплачвацца да таго часу, пакуль ня будзе дасягнутае пагадненьне аб поўнай і абсалютнай куплі Грэнляндыі. Злучаныя Штаты спрабуюць зрабіць гэта ўжо больш за 150 гадоў. Многія прэзыдэнты спрабавалі, і на тое былі важкія прычыны, але Данія заўсёды адмаўлялася», — настойвае Трамп.
  • Прэзыдэнт ЗША сьцьвярджае, што на карту пастаўленая нацыянальная бясьпека не толькі ягогай краіны, але і ўсяго сьвету, а Данія ня ў сілах абараніць востраў ад Кітаю і Расеі сіламі «дзьвюх сабачых запрэжак».
  • 17 студзеня ў Даніі прайшлі акцыі ў падтрымку захаваньня статусу Грэнляндыі, у іх узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Даніі тысячы грамадзян выйшлі на акцыю салідарнасьці з Грэнляндыяй. ФОТА