Як адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства замежных спраў Вэнэсуэлы, Іван Хіль падзякаваў Лукашэнку празь яго дыпляматычнага прадстаўніка таксама «за яго патрабаваньне вяртаньня прэзыдэнта Нікаляса Мадура і першай лэдзі Сіліі Флорэс, якія былі выкрадзеныя падчас ваеннай агрэсіі» супраць Вэнэсуэлы.
На сустрэчы, што адбылася 16 студзеня, Хіль і Дзеравінскі «абавязаліся далей умацоўваць двухбаковыя адносіны» і дамовіліся працягваць супрацу «ў розных ключавых галінах».
У паведамленьні МЗС Беларусі аб гэтай сустрэчы адзначаецца, што міністар замежных спраў Вэнэсуэлы ад імя ўраду выказаў словы шчырай удзячнасьці Аляксандру Лукашэнку «за цьвёрдую пазыцыю ў абароне сувэрэнітэту Вэнэсуэлы і за прынцыповую пасьлядоўнасьць у разьвіцьці дружалюбнага беларуска-вэнэсуэльскага дыялёгу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман пра лёс Мадура і Беларусь: палітвязьні, улада, «вялікая ўгода»Як адрэагаваў Лукашэнка на падзеі ў Вэнэсуэле
Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра падзеі ў Вэнэсуэле толькі 8 студзеня — празь пяць дзён пасьля таго, як амэрыканскія вайскоўцы захапілі Нікаляса Мадура і ягоную жонку і даставілі іх у Злучаныя Штаты.
Лукашэнка шчыльна супрацоўнічаў з папярэднікам Нікаляса Мадура Уга Чавэсам. З захопленым кіраўніком Вэнэсуэлы перамовы былі ўжо не такімі частымі, але дзяржавы мелі актыўны гандаль і ўзаемныя дачыненьні.
Але ў тых публічных выказваньнях, якія публікавалі дзяржаўныя СМІ не гучала наўпроставага патрабаваньня аб вызваленьні Нікаляса Мадура.
«Я хачу, каб вы разумелі: там было ўсё. І дамоўленасьць, і грошы, якія былі аплачаны ў тым ліку людзям у Вэнэсуэле. І вайскоўцам, і цывільным. Там была змова, і там была здрада. Усё там было», — цытуе Лукашэнку канал «Пул первого».
Лукашэнка таксама сказаў, што апэрацыя ЗША ў Вэнэсуэле — гэта саступкі Трампа вайскоўцам:
«Напярэдадні я сказаў, што калі вы, амэрыканцы, хочаце другі Віетнам, вы яго атрымаеце. Як бы тамака ні складалася сытуацыя, мне здаецца, яны гэта пачулі. І тое, што яны пагражаюць зараз Вэнэсуэле нейкай наземнай апэрацыяй, я думаю, яны цудоўна разумеюць, што гэтая апэрацыя скончыцца не на іх карысьць. Тысячы загінуць ужо. І амэрыканцы. Думаю, ні Дональд, ні іншыя гэтага не жадаюць.
Але вы павінны дакладна разумець: Амэрыка — вельмі складаная краіна. Гэта ня так, як у нас, нават у Расеі і іншых краінах. Я думаю, гэта хутчэй за ўсё саступка Дональда Трампа вайскоўцам. Памятаеце, як беглі з Афганістану, чапляючыся за шасі самалётаў, падалі на ўзьлётна-пасадачнай паласе? Ганьба! Ну трэба ж было паказаць, што на нешта здольныя», — дадаў Лукашэнка.
У той жа час, 3 студзеня расейскія СМІ заявілі, што ў тэлефоннай размове міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова з расейскім міністрам Сяргеям Лаўровым «акцэнтавалі на безумоўнай неабходнасьці неадкладна вызваліць законнага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура і яго жонку, вярнуць іх у сталіцу краіны і аднавіць Нікаляса Мадура на пасадзе кіраўніка дзяржавы».
У паведамленьні МЗС Беларусі за 3 студзеня пра гэтую размову, а таксама ў заяве зьнешнепалітычнага ведамства таксама няма ніякіх згадваньняў аб патрабаваньні вызваліць Мадура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман: Лукашэнка прыдумае, як патлумачыць, чаму трэба надалей размаўляць з Трампам