Як паведаміла агенцтва AFP з спасылкай на некалькі крыніц у камандзе Ціханоўскай і крыніцу ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы, яны неўзабаве пераедуць у Варшаву.
Агенцтва адзначыла, што яе памочнік Дзяніс Кучынскі паведаміў журналістам, што муж Сьвятланы Ціханоўскай, Сяргей, які быў летась вызвалены з турмы, цяпер знаходзіцца ў ЗША зь меркаваньняў бясьпекі.
У сувязі з гэтым журналісты AFP таксама нагадалі, што на гэтым тыдні Ціханоўская сустракалася з прэзыдэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім у Варшаве.
7 кастрычніка 2025 году стала вядома, што Літва зьніжае ўзровень фізычнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў Вільні. Ахову перадалі ад Службы бясьпекі кіраўніцтва дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Пазьней прадстаўнікі Ціханоўскай паведамілі, што праца фізычнага офісу дэмакратычнай лідэркі ў літоўскай сталіцы прыпыненая ў сувязі «са зьменамі ў сыстэме аховы і бясьпекі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пераедзе зь Вільні ў Варшаву, — крыніцы СвабодыУ сьнежні 2025 году Радыё Свабода, спасылаючыся на свае крыніцы, паведамляла, што Ціханоўская і частка яе офісу плянуюць пераехаць зь Вільні ў Варшаву, хоць дакладная дата пераезду яшчэ не была вызначаная. Пазьней Дзяніс Кучынскі, дыпляматычны дарадца палітыка, у інтэрвію парталу «Люстэрка» сказаў, што канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае, і пытаньні бясьпекі ўсё яшчэ абмяркоўваюць зь літоўскімі ўладамі.
Сьвятлана Ціханоўская жыве ў Вільні з 11 жніўня 2020 года, куды пераехала пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах пад ціскам і пагрозамі ёй і яе дзецям. У сталіцы Літвы паўстаў і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, які стаў цэнтрам палітычных высілкаў дэмакратычных сілаў Беларусі.
Літоўская дзяржава падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, асабліва пасьля 2020 году. Але апошнім часам пачалі гучаць крытычныя галасы некаторых палітыкаў адносна таго, што Сьвятлана Ціханоўская мела занадта высокі статус аховы з боку літоўскай Службы аховы кіраўніцтва, нібыта гэта каштавала задорага для бюджэту краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы вітаў беларусаў у сваім палацы ў Варшаве. ФОТА