У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі абнавіў сьпіс асоб, якія маюць дачыненьне да «тэрарыстычнай дзейнасьці».
Як адзначаецца ў паведамленьні, у сьпіс дадалі Вадзіма Жывалеўскага, Міхаіла Лобарава і Аляксандра Радзюка.
Вадзіма Жывалеўскага затрымалі 27 лютага 2025 году і асудзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Праваабаронцы мяркуюць, што адразу пасьля выраку яго зноў затрымалі ўжо ў крымінальнай справе. Справу разглядалі ў Горадзенскім абласным судзе паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ч. 1 артыкулу 130 (распальваньне варожасьці), ч. 1 артыкулу 361-4 (садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці) і ч. 1 артыкулу 368 (абраза прэзыдэнта). Вырак невядомы, адбывае пакараньне. 12 сьнежня 2025 году яго ўключылі ў сьпіс «экстрэмістаў».
Міхаіла Лобарава асудзілі ў 2025 годзе. Вырак вынес Магілёўскі абласным судзе паводле ч. 1 артыкулу 130, ч. 1 артыкулу 368, артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу. 20 сьнежня 2025 году яго ўключылі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай» дзейнасьці. Праваабаронцы высьвятляюць ягонае месцазнаходжаньне і дэталі выраку.
Інфармацыі аб Аляксандры Радзюку няма.
Цяпер у «тэрарыстычным» сьпісе 1404 чалавекі, зь іх 666 — грамадзяне Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 студзеня: зноў пакаралі лекара БадамшынаЯк рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».