Справа Цімашэнкі: суд прызначыў заклад $764 тысячы

Юлія Цімашэнка ў судзе. 16 студзеня 2026.

Вышэйшы антыкарупцыйны суд абраў меру стрыманьня кіраўніцы партыі «Бацькаўшчына» і былой прэм’ер-міністаркі Ўкраіны Юліі Цімашэнкі ў выглядзе закладу ў памеры 33,3 млн грыўняў ($764 тыс.).

Пра гэта паведамляе праект «Схемы» украінскай службы Радыё Свабода. Пракуры прасілі прызначыць заклад у 50 млн грыўняў ($1,1 млн).

«Цэнтар процідзеяньня карупцыі» адзначае, што палітык павінна паведамляць пра зьмену месца жыхарства, устрымлівацца ад зносін з шэрагам дэпутатаў, здаць замежны пашпарт, а таксама зьяўляцца ў суд, да сьледчага і пракурора па іх выкліку. Акрамя таго, Юлія Цімашэнка ня можа пакідаць Кіеўскую вобласьць.

Раней Цімашэнка заявіла, што яе рахункі былі заблякаваныя яшчэ да рашэньня суда аб меры стрыманьня: «Што такое сюр? Гэта калі ты плянуеш аплаціць заклад па адкрыта заказной палітычнай справе з грошай, атрыманых у якасьці кампэнсацыі за палітычныя перасьледы аднаго недалёкага „дыктатара“. Але ня можаш гэтага зрабіць. Бо твае рахункі заблякаваныя яшчэ да рашэньня суда».

Перад судовым пасяджэньнем палітык зноў назвала справу «выключна палітычнай». Яе падазраюць у прапанове або прадастаўленьні «неправамернай выгады» шэрагу дэпутатаў за галасаваньне «за» або «супраць» пэўных законапраектаў (частка 4 артыкула 369 КК).

Адказваючы на пытаньне журналістаў, ці прапаноўвала яна дэпутатам грошы, Цімашэнка заявіла, што «ніколі ў жыцьці такой размовы не было», — цытуе яе «Украінская праўда».

На згадку пра тое, што на запісах, апублікаваных Нацыянальным антыкарупцыйным бюро Украіны (НАБУ), ёсьць фраза пра жаданьне «разбурыць большасьць», Цімашэнка адказала, што і гэтага не было: «Я кажу вам, што гэтай размовы не існуе. І я спадзяюся, што сёньня нам дадуць гэтыя матэрыялы — арыгінал — для экспэртызы. І мы правядзём незалежную экспэртызу, якая дасьць усе адказы на ўсе пытаньні. Гэта абсалютна заказное палітычнае дзейства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы карупцыйны скандал ва Ўкраіне. Юлію Цімашэнка падазраюць у хабарах за галасаваньне ў парлямэнце