Зборка аўтамабіляў, разьлік на нафту і аб’ём гандлю на мяжы статыстычнай хібнасьці. Што зьвязвае Беларусь з Іранам

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Ірана Масудам Пэзэшкіянам улетку 2025 году ў Менску

У Іране трэці тыдзень ідуць пратэсты супраць уладаў, вынік — больш за дзьве тысячы загінулых, як сьведчаць праваабаронцы. Свабода паглядзела, якія сумесныя праекты ў розныя часы Беларусь мела з Іранам і чым яны скончыліся.

Пратэсты супраць уладаў пачаліся ў Іране ў канцы сьнежня мінулага году пры эканамічных цяжкасьцях у краіне. Іх асноўным рухавіком спачатку былі вулічныя гандляры, потым далучыліся студэнты, іншыя жыхары гарадоў. Незалежная іранская праваабарончая арганізацыя HRANA, якая базуецца ў ЗША, паведаміла 13 студзеня, што пацьверджаная колькасьць загінулых у пратэстах — больш за 2000 чалавек.

Раней агенцтва Reuters цытавала неназванага іранскага чыноўніка, які паведаміў, што лік загінулых каля 2000 чалавек. У краіне адключаны інтэрнэт.

Пратэсты ў Іране, студзень 2026

Дональд Трамп заявіў пра 25-адсоткавы тарыф для ўсіх, хто будзе надалей актыўна супрацоўнічаць з Іранам. Улады Беларусі ў розныя часы мелі сумесныя эканамічныя праекты з гэтай краінай, спрабавалі наладзіць актыўны гандаль. Што гэта былі за праекты і наколькі Іран патэнцыйна важны для Беларусі зараз? Разьбіраемся.

Пляны на іранскую нафту

Беларусь устанавіла дыпляматычныя адносіны з Іранам яшчэ ў 1992 годзе. У Менску ёсьць амбасада Ірану, а ў Тэгеране — амбасада Беларусі. У 2007 годзе Беларусь і Іран падпісалі пагадненьне, паводле якога дзяржаўная кампанія «Беларусьнафта» атрымала права распрацоўваць нафтавае радовішча Джафір каля ірацкай мяжы.

У 2010–2011 гадах, калі на радовішчы былі праведзеныя дасьледаваньні, выявілася, што праект не такі прыбытковы. Па-першае, геалягічныя зьвесткі паказалі, што радовішча цяжка распрацощваць, а таму менш фінансавай выгады.

Па-другое, санкцыі супраць Ірану перашкаджалі разьвіцьцю праекту.

Ілюстрацыйнае фота

У 2011 годзе «Беларусьнафта» абвясьціла пра выхад з праекту. Сярод прычынаў называлі зьмену геалягічных і эканамічных абставінаў, дадатковы фактар у выглядзе санкцыяў. Іранскі ж бок абвінаваціў «Беларусьнафту» у невыкананьні ўмоваў кантракту: абяцалі здабываць 3,5 тысячы барэляў на дзень, а здабываюць менш за 2,8 тысячаў. Таксама спрэчным пытаньнем стала кампэнсацыя іранскаму боку за выкарыстаньне радовішча.

Стратэгія энэргетычнага разьвіцьця Беларусі на той час прадугледжвала, што да 2020 году ў Іране будуць здабываць 9 мільёнаў тонаў нафты на год. Гэта нават больш, чым патрэбы самой Беларусі ў нафце, але імпартуе Беларусь яшчэ больш — да 14 мільёнаў тонаў у некаторыя гады для перапрацоўкі і продажу нафтапрадуктаў. Аднак гэтыя пляны на іранскую нафту не рэалізаваліся, цяпер Беларусь, згодна з статыстыкай, не набывае нафту ў Іране. Праект закрыўся ў 2013 годзе.

У 2017 годзе, падчас крызісу ў адносінах з Расеяй, Беларусь закупіла пробную партыю нафты ў Іране. Ішлося пра невялікую партыю: з статыстыкі 2017 году вынікае, што яна каштавала прыкладна 216 тысяч даляраў. Іранская нафта выявілася мінімум у 1,7 раза даражэйшай за расейскую. Пасьля крызіс з Расеяй скончыўся, пра наступныя закупкі нафты ў Іране з афіцыйных крыніц невядома.

Іранскія машыны ў Беларусі

У 2006 годзе Беларусь вырашыла наладзіць зборку іранскіх аўтамабіляў Samand. Гэта лёгкі сэдан вытворчасьці кампаніі «Іран Ходро» (ІКСО). Плянавалася, што машыны будуць зьбіраць на прадпрыемстве Unison і паступова нарошчваць іх беларускую лякалізацыю. Перш разьлічвалі, што ў Беларусі будуць выпускаць дзясяткі тысяч такіх машын з разьлікам на рынак СНД. У выніку да згортваньня праекту ў 2013 годзе ўдалося выпусьціць толькі 2000 машын.

Іранскі легкавік "Саманд", сабраны ў Беларусі

На гэта паўплывалі санкцыі, накладзеныя на Іран, што ўскладніла дастаўку дэталяў, а таксама рознагалосьсі бакоў, якія рэалізоўвалі праект. Пра гэта ў 2013 годзе казаў амбасадар Ірану ў Беларусі Мухамадрэза Сабуры. Аўтамабілісты тады ж адзначалі завысокія цэны на такія машыны і іх неканкурэнтаздольнасьць на рынку.

У траўні 2016 году завод-вытворца ІКСО падпісаў «мэмарандум узаемаразуменьня» зь беларускім заводам «Юнісон». Тады ж іранскі бок казаў пра аднаўленьне праекту зборкі машын у Беларусі. Аднак гэта засталося толькі дэклярацыяй.

Гандаль на мяжы статыстычнай хібнасьці і грандыёзныя пляны

Летась 15 сьнежня Лукашэнка, сустракаючыся з кіраўніком іранскага МЗС Абасам Аракчы, сказаў, што для абедзьвюх краін «эканоміка — прыярытэт прыярытэтаў». Аднак нічога канкрэтнага, апроч заяваў пра жаданьне нарошчваць супрацу, не прагучала.

Яшчэ раней, у жніўні 2025 году, у Беларусь прылятаў прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян. Тады тагачасны міністар прамысловасьці Беларусі Аляксандар Ефімаў казаў пра магчымасьць лякалізацыі беларускай вытворчасьці ў Іране.

Пра такія пляны выказаўся і Лукашэнка на сустрэчы з прэзыдэнтам Ірану: ішлося пра вытворчасьць у Іране сельскагаспадарчай, кар’ернай, трактарнай тэхнікі.

Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Менску 20 жніўня 2025 году

Беларусь не публікуе падрабязную гандлёвую статыстыку з 2021 году. З іранскай статыстыкі вынікае, што беларускі экспарт у Іран за год складае каля 60 мільёнаў даляраў. Гэта толькі 0,15% ад агульнага гадавога беларускага экспарту. Імпарт зь Беларусі ў Іран каштаваў каля 20 мільёнаў даляраў (у Іране лічаць гады з сакавіка, тут гаворка пра сакавік 2023 — сакавік 2024 году).

Экспарт Беларусі ў Іран, згодна з апошнімі зьвесткамі беларускай статыстыкі, за 10 гадоў скараціўся больш чым у 9 разоў. Калі ў 2011 годзе Беларусь прадала ў Іран тавараў на 129,8 мільёна даляраў, то ў 2021 — толькі на 14 мільёнаў даляраў. А імпарт з Ірану за такі ж прамежак часу вырас у 2,1 раза — да 19,3 мільёнаў даляраў.

«Супрацоўніцтва з Іранам — таксычнае»

Паводле эканаміста Аляксея Харкевіча, гандлёвыя стасункі паміж Беларусьсю і Іранам «перасохлі» да 2020 году.

«Іран заўжды быў скіраваны на імпартазамяшчэньне, таму асабліва не пускаў да сябе Беларусь. Супраца і так была мізэрная, а да 2020 году наагул сышло на нішто. Нейкі час туды спрабавалі нешта пастаўляць, а пасьля і гэта стала неактуальным», — сказаў суразмоўца.

Супрацоўніцтва з Іранам нават для уладаў Беларусі выглядае таксычным, бо яны спадзяюцца на супрацу з ЗША і на далейшае зьняцьце санкцыяў. Пра гэта ў размове з Свабодай сказала Аліса Рыжычэнка, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў эканамічных пытаньнях.

«Іран — даволі вялікі рынак, і ў прынцыпе Беларусь была б зацікаўленая ў разьвіцьці нейкіх зборачных цэхаў на тэрыторыі Ірану — напрыклад, сваёй сельскагаспадарчай тэхнікі. Але там ёсьць канкурэнты зь іншых краін — гэта па-першае. Па-другое, як бы ўлады ні паўтаралі нам, што Іран — дружалюбная краіна, усё ж такі гэта краіна таксычная, супраца зь якой у кожны момант можа абярнуцца другаснымі санкцыямі з боку ЗША.

Калі цяпер Лукашэнка вельмі разьлічвае на выбудоўваньне узаемаадносінаў з ЗША менавіта ў сфэры гандлю калійнымі ўгнаеньнямі або на дапамогу і падтрымку ЗША ў тым, каб эўрапейскія краіны зьнялі санкцыі на калійныя ўгнаеньні, рэалізацыя такіх праектаў з Іранам у гэты момант абсалютна немагчымая», — мяркуе суразмоўца.

Ілюстрацыйнае фота

Што да магчымых зьменаў улады ў Іране, то, напрыклад, калі доступ да нафты атрымаюць ЗША, гэта можа паўплываць на Беларусь ускосна. Найперш гэтыя зьмены ўдараць па эканоміцы Расеі, а яна можа зьнізіць экспарт з Беларусі і падтрымку сваіх праектаў у Беларусі, дадае эканамістка.

«Гэта наўпрост паўплывае на нафтагазавыя даходы Расеі. А Расея для беларускіх тавараў фактычна галоўны рынак збыту, які будзе скарачацца. Акрамя гэтага, будзе зьмяншацца фінансавая падтрымка, магчымыя пэўныя зьмены ў адтэрміноўках выплатаў у даўгавых абавязаньнях, якія штогод даюць Беларусі. Дзякуючы гэтаму Беларусь нарошчвае свае золатавалютныя рэзэрвы, бо не выплочвае гэтыя даўгі своечасова. І, у прынцыпе, фінансавая падтрымка ад Расеі можа пагоршыцца абсалютна ўва ўсіх пунктах, у тым ліку і ў інвэстыцыйных праектах, як, прыкладам, будаўніцтва трэцяга блёку АЭС або нейкіх іншых», — канкрэтызуе суразмоўца.

Таксама для Беларусі Іран можа быць патэнцыйным транзытным калідорам, калі ўлады гэтай краіны дадуць доступ да сваіх марскіх паўднёвых партоў. Аднак пакуль гэтае пытаньне для Беларусі ніяк не вырашалася.