Беларуска, якая жыве ва Ўкраіне з 2018 году, пасьля гібелі на вайне свайго мужа, грамадзяніна Ўкраіны, зьвярнулася ў адмысловую камісію Міністэрства абароны краіны па аднаразовую грашовую дапамогу, аднак ёй адмовілі ў выплаце празь яе беларускае грамадзянства.
Як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц, цяпер яна спрабуе праз суд дабіцца перагляду рашэньня.
Беларуска і ўкраінец зарэгістравалі шлюб у Горадні ў 2016 годзе, а ў 2018 сям’я пераехала ва Ўкраіну. У 2020 годзе грамадзянка Беларусі атрымала дазвол на сталае жыхарства ва Ўкраіне. Яе муж загінуў 30 кастрычніка 2024 году ў Бахмуцкім раёне Данецкай вобласьці.
Пры разглядзе яе заявы суд зьвярнуў увагу на тое, што ўрадавая пастанова забараняе выплату кампэнсацыяў сваякам, якія стала жывуць у Беларусі і Расеі, а заяўніца мае дазвол на сталае жыхарства ва Ўкраіне і з 2019 году не выяжджала ў Беларусь.
На гэтай падставе суд прызнаў супрацьпраўным і скасаваў рашэньне камісіі Міністэрства абароны Ўкраіны і абавязаў паўторна разгледзець заяву беларускі з улікам высноваў, зробленых судом.
Згодна з заканадаўствам, аднаразовую дапамогу ў сувязі з гібельлю вайскоўца на фронце могуць атрымаць яго бліжэйшыя сваякі — бацькі, жонка і дзеці. Звычайна аднаразовую дапамогу дзеляць паміж гэтымі сваякамі ў роўных частках.
У гэтай гісторыі на дапамогу можа прэтэндаваць толькі маці загінулага ўкраінца і, уласна, жонка-беларуска, бо ў сям’і не было дзяцей. У выпадку рашэньня аб выплаце дапамогі грамадзянка Беларусі зможа атрымаць толькі палову сумы, нягледзячы на тое, што маці яе сужэнца пакуль не зьвярталася ў камісію Міністэрства абароны ў гэтым пытаньні.
Памер дапамогі складае 15 мільёнаў грыўняў (прыблізна 340 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).
Раней з аналягічнымі пазовамі зьвярталіся ў суд украінскія грамадзянкі, чые мужы былі грамадзянамі Беларусі і загінулі, абараняючы тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка загінулага ва Ўкраіне беларускага добраахвотніка праз суд дабіваецца выплаты кампэнсацыі