Лукашэнка абвясьціў раптоўную праверку Ўзброеных сіл Беларусі

Аляксандар Вальфовіч прымае рапарт камандзіра вайсковай часткі тэхнічнага забесьпячэньня Ўзброеных сіл Беларусі, 16 студзеня 2026 году

Праверку пракамэнтаваў дзяржасакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.

Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся правесьці маштабную праверку Ўзброеных сіл Беларусі.

«Пачалася маштабная праверка Ўзброеных сіл. Яна будзе мець комплексны характар і складацца з некалькіх этапаў», — працытавала дзяржасакратара Савета бясьпекі Аляксандра Вальфовіча дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У штабе правядзеньня раптоўнай праверкі.

Паводле яго, праверку праводзяць з улікам досьведу «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» і яго ўкараненьня ў войска (так расейская і беларуская прапаганда называць вайну Расеі супраць Украіны, у якой беларускія ўлады дапамагаюць Маскве).

У часе вучэньняў правераць пытаньні аховы вайсковых частак і супрацьдзеяньня сучасным сродкам вайны, у тым ліку, бесьпілётным лятальным апаратам.

Вальфовіч дадаў, што Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў задум вучэньняў і «асабіста будзе ўдзельнічаць у праверцы».

Першай правераць вайсковую частку тэхнічнага забесьпячэньня — гэта адна з найбольшых частак Узброеных сіл Беларусі, дзе знаходзяцца на захоўваньні розныя ўзоры бранятанкавага ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі.

Аляксандар Вальфовіч пракамэнтаваў выказваньні, што ў Беларусі няма ракетнага комплексу «Арэшнік», перадае БЕЛТА.

«Галоўнае, што мы ўпэўненыя ў тым, што ў нас ёсьць гэтая зброя. І, вядома, спадзяемся, што яна ніколі не спатрэбіцца. Гэтая зброя стрымліваньня, абароны нашай краіны. Усё, што трэба, усё, што было вызначана прэзыдэнтамі дзьвюх краін, выканана і дзейнічае».


Узбраеньне ў адной з найбольшых вайсковых частак тэхнічнага забесьпячэньня, якая будзе ўдзельнічаць у раптоўнай вайсковай праверцы з 16 студзеня 2026 году

Цяперашняй праверцы папярэднічалі супольныя штабныя вучэньні беларускага войска, якія праводзілі 13–16 студзеня пад кіраўніцтвам начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Паўла Муравейкі.

На іх выпрацоўвалі аптымальны парадак выкарыстаньня груповак войскаў, вайсковых фармаваньняў і ваенізаваных арганізацыяў «пры адным з магчымых варыянтаў абстаноўкі, беспасярэдне зьвязанай з пагрозаю ваеннай бясьпецы Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пасьля заявы Хрэніна аб скіраваных супраць Менску манэўрах авіяцыі ЗША абвясьцілі вайсковыя вучэньні

Папярэдняя маштабная раптоўная праверка Ўзброеных сілаў праходзіла летась ў кастрычніку.

  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы падчас абвастрэньня адносінаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.