У Менску з «Бэркутам» затрымалі іншаземцаў і беларуску за нібыта незаконную легалізацыю мігрантаў у Беларусі

Пад час затрыманьня. Скрын зь відэазапісу МУС Беларусі

Ва ўпраўленьні ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму паведамілі аб затрыманьні сілавікамі ГУБАПі пры «сілавой падтрымцы байцоў атрада спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС «Бэркут» двух іншаземцаў і беларуску.

Як адзначаецца ў паведамленьні, яны нібыта арганізавалі «шэрую» схему легалізацыі ў Беларусі «прадстаўнікоў сярэднеазіяцкага рэгіёну».

Сілавікі высьветлілі, што яны дапамагалі мігрантам у незаконным уезьдзе і знаходжаньні ў Беларусі. У прыватнасьці, яны выраблялі і надавалі ў дзяржаўныя ўстановы сьвядома падробленыя дакумэнты як ад фіктыўных, так і ад рэальных працадаўцаў, і такім чынам забясьпечвалі «нелегалам атрыманьне віз і дазволаў на часовае пражываньне ў Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігрантку з Гвінэі дэпартавалі зь Беларусі, а яе дачку забралі ў дзіцячы дом у Менску

Згодна зь інфармацыяй упраўленьня ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму, паслугамі затрыманых пасьпелі скарыстацца больш за 100 іншаземцаў, якія ўладкаваліся ў Беларусі на працу ў таксі, на базарах і на прадпрыемствах грамадзкага харчаваньня. Мігранты плацілі па 200 даляраў за візавую падтрымку, і потым пасьля ўладкаваньня яшчэ столькі ж кожны месяц.

Справу расьсьледуюць паводле факту «арганізацыі каналу незаконнай міграцыі». Затрыманым пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Усіх, хто пасьпеў скарыстацца дапамогай затрыманых, паабяцалі выдварыць зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігрантку з Гвінэі дэпартавалі зь Беларусі, а яе дачку забралі ў дзіцячы дом у Менску