Разгляд пакетаў дакумэнтаў на атрыманьне так званых іміграцыйных візаў спыніцца 21 студзеня. Новаўвядзеньне не закранае турыстычныя і іншыя тыпы візаў, якія грамадзяне Беларусі па-ранейшаму могуць атрымаць у амбасадах ЗША ў суседніх краінах — Літве і Польшчы.
«Дзяржаўны дэпартамэнт прыпыніць апрацоўку іміграцыйных візаў з 75 краін, мігранты якіх атрымліваюць дапамогу ад амэрыканскага народу па непрымальных стаўках, — гаворыцца ў паведамленьні ведамства на X. — Замарожваньне будзе дзейнічаць, пакуль ЗША ня змогуць гарантаваць, што новыя імігранты ня будуць выцягваць багацьце з амэрыканскага народу».
З былых постсавецкіх краін у сьпісе акрамя Беларусі таксама Расея, Малдова, Грузія і Казахстан.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай Дзярждэпартамэнту ЗША, у мінулым фінансавым годзе (адрозьніваецца ад каляндарнага, працягваецца з кастрычніка па верасень — РС) розныя віды іміграцыйных візаў ЗША атрымалі 1453 грамадзяніна Беларусі.
Амбасада ЗША ў Вільні, ілюстрацыйнае фота
Сярод іх траціну склалі выпадкі эміграцыі для ўз’яднаньня з роднымі, іншыя атрымальнікі іміграцыйных візаў пераехалі ў ЗША пасьля выйгрышу ў лятарэі Green card, па працы, альбо іншых абставінах.
Агулам за мінулы год грамадзяне Беларусі атрымалі больш за 10 тысяч візаў ЗША неэміграцыйных катэгорый, у асноўным турыстычных. Адмаўлялі беларусам амэрыканскія ўлады ў траціне выпадкаў. Праз абмежаваньне працы амбасады ЗША ў Менску, амэрыканскія візы беларусы атрымліваюць у Варшаве і Вільні.