Аляксандар Лукашэнка 13 студзеня правёў традыцыйны для гэтага часу прыём, на якім уручыў узнагароды прадстаўнікам дзяржаўных СМІ і прадпрыемстваў, а таксама спэцыяльных службаў.
«Вы заўсёды побач. Безь перабольшваньня — абараняеце інтарэсы краіны на нашым інфармацыйным полі. Разам з вайскоўцамі. Хоць вы цяпер нават знаходзіцеся наперадзе нашых вайсковых людзей», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
У прыватнасьці, Лукашэнка ўручыў мэдалі Скарыны прапагандыстам з тэлевізіі — першаму намесьніку старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Сяргею Гусачэнку і дырэктарцы філіялу міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир» у Беларусі, старшыні Беларускага саюзу жанчын Вользе Шпілеўскай (летась у лістападзе яна атрымала ад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ордэн Дружбы. — РС).
Яшчэ чатыры супрацоўнікі дзяржаўных СМІ атрымалі падзякі Лукашэнкі, а дырэктар выдавецкага дому «Беларусь сегодня» Дзьмітры Жук атрымаў званьне заслужанага работніка сродкаў масавай інфармацыі.
Кіраўнік КДБ Іван Тэртэль атрымаў званьне заслужанага супрацоўніка органаў дзяржаўнай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Управіць мазгі», «вешаць без суду». Што кажуць прапагандысты, якія трапілі пад санкцыі ЭЗШто вядома пра ўзнагароджаных мэдалём Францішка Скарыны
Лукашэнка ўручае мэдаль Францішка Скарыны Сяргею Гусачэнку
Сяргей Гусачэнка вядомы шэрагам фэйкаў, якія ён ствараў у сваіх рэпартажах. У 2013–2014 годзе ў рэпартажах з Эўрамайдану ў Кіеве ён расказваў пра антысанітарыю, інфэкцыі і тубэркулёз, а таксама пра «нямытыя целы бамжоў», якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Самаабарону Майдану, якая ахоўвала пратэстоўцаў ад нападаў сілавікоў, ён называў бандэраўцамі і нацыяналістамі.
У 2019 годзе, калі ва Ўкраіне абвясьцілі ваеннае становішча праз напад расейцаў на памежныя катэры Ўкраіны ў Чорным моры, Гусачэнка расказваў, што гэта зроблена наўмысна, каб абмежаваць правы і свабоды ўкраінцаў перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбрамі.
Узнагароджаны мэдалём таксама быў аўтарам непраўдзівага рэпартажу пра швэдзкага дыплямата Стэфана Эрыксана, пад кіраўніцтвам якога ў амбасадзе Швэцыі ў Менску нібыта рыхтавалі экстрэмістаў да вулічных пагромаў.
У 2020 годзе ў сваіх праграмах Гусачэнка дыскрэдытаваў сымбалі пратэсту, альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты і фонды дапамогі пратэстоўцам. Для гэтага ён выкарыстоўваў ужо традыцыйныя штампы аб нацыстах і нават згадваў, як у канцлягерах габрэяў пазначалі жоўтымі зоркамі, а потым спальвалі (у турмах і калёніях Беларусі цяпер жоўтымі біркамі пазначаюць беларусаў, асуджаных з палітычных матываў).
У 2017 годзе, калі Гусачэнка жаніўся, Аляксандар Лукашэнка падарыў маладзёнам на вясельле мех бульбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьмяніўся галоўны ідэоляг Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, — СМІЛукашэнка ўручыў мэдаль Францішка Скарыны Вользе Шпілеўскай
Вольга Шпілеўская вядомая тым, што летась прапанавала Лукашэнку стварыць «жаночыя палкí» і праводзіць зь імі вайсковыя вучэньні, на якіх вучыць надаваць першую мэдычную дапамогу ва ўмовах вайны.
У часе апошняй кампаніі выбараў прэзыдэнта яна, як давераная асоба Лукашэнкі, езьдзіла з інфармацыйнымі кампаніямі і расказвала аб эфэктыўнасьці ягонай палітыкі. Цяпер у дзяржаўных СМІ яна камэнтуе ўсе тэмы — ад эканомікі да ідэалёгіі. Яна называла Беларусь «краінай з уладай народу», апраўдвала «рэгуляваньне інфармацыйнай прасторы», расказвала аб недаступнасьці адукацыі ў заходніх краінах. Калі пачаўся мігранцкі крызіс на межах Беларусі з эўрапейскімі краінамі, Шпілеўская заявіла, што «Літва ўяўляе мігрантаў „зялёнымі чалавечкамі“ Лукашэнкі».
Перад тым як узначаліць Нацыянальны філіял міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир» у Беларусі, Шпілеўская працавала начальніцай галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дзяржаўная прапаганда ў Беларусі рэагуе на ваенныя няўдачы Расеі? Адказвае Паўлюк Быкоўскі