Прэзыдэнт Польшчы вітаў беларусаў у сваім палацы ў Варшаве. ФОТА

Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі правёў сустрэчу зь беларусамі. Варшава, 13 студзеня 2025

Сустрэчы прэзыдэнта Польшчы з прадстаўнікамі беларускага грамадзтва сталі традыцыяй.

13 студзеня прайшла пятая такая сустрэча, якую праводзіць прэзыдэнт Рэспублікі Польшча, і першая з таго часу, як на пасаду ўступіў Караль Наўроцкі.

На ёй былі і нядаўна вызваленыя зь беларускіх турмаў былыя палітвязьні.

Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі правёў сустрэчу зь беларусамі. Варшава, 13 студзеня 2025 году

У Бэльвэдэрскім палацы прэзыдэнт Рэспублікі Польшча Караль Наўроцкі прыняў удзел у сустрэчы з нагоды калядна-навагодніх сьвятаў зь Сьвятланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці.

«З гэтага месца, як прэзыдэнт Рэспублікі Польшча, я хацеў бы падзякаваць усім свабодным беларусам за тое, што вы ідзяце сваім цяжкім, доўгім шляхам да незалежнасьці і сувэрэнітэту, які вымагае гэтулькіх ахвяраў, для многіх з вас — ахвяраў у выглядзе вязьніцы рэжыму Лукашэнкі. І на гэтым шляху Польшча ніколі вас не пакіне», — падкрэсьліў Караль Наўроцкі.

«Я глыбока веру, што дзякуючы гэтым сустрэчам прэзыдэнта Польшчы зь беларускаю меншасьцю, зь лідэрамі беларускай апазыцыі, але таксама і зь вязьнямі, мы рухаемся ў кірунку, якога ўсе прагнем — адносін дзьвюх незалежных, сувэрэнных дзяржаваў, Польшчы і Беларусі, дзеля дабра агульнага і нашых дачыненьняў, і проста дзеля лепшага сьвету», — дадаў ён.

Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі правёў сустрэчу зь Сьвятланай Ціханоўскай і беларусамі. Варшава, 13 студзеня 2025 году

Прэзыдэнт Наўроцкі запэўніў, што ў Польшчы існуе кансэнсус і кампраміс у стаўленьні палякаў, прэзыдэнта Польшчы і ўраду да незалежнасьці і сувэрэнных памкненьняў беларусаў.

Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі правёў сустрэчу зь беларусамі. Варшава, 13 студзеня 2025 году

Караль Наўроцкі таксама адзначыў, што дамагаўся вызваленьня палітычных вязьняў рэжыму Лукашэнкі ў міжнародных і дыпляматычных перамовах.

Прэзыдэнт Польшчы падкрэсьліў, што палітвязень Анджэй Пачобут, якога ён узнагародзіў найвышэйшай польскай узнагародай — Ордэнам Белага Арла, застаецца сымбалем.

«Няхай гэта будзе сымбалем таго, што свабодная, незалежная і сувэрэнная Польшча і яе прэзыдэнт ніколі не забудуць палякаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні ў беларускіх турмах», — падкрэсьліў ён.

Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі правёў сустрэчу зь беларусамі. Варшава, 13 студзеня 2025 году

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала і ў адказ заявіла, што «беларусы ніколі не былі чужымі палякам, гэтаксама як і Польшча — заўжды была побач зь беларусамі».

«Беларусы як нацыя фармаваліся ў складзе Вялікага княства і Рэчы Паспалітай, разам з палякамі змагаліся за незалежнасьць ад Расеі. Шмат чаму вучыліся ў польскай „Салідарнасьці“. Нас яднаюць Касьцюшка і Каліноўскі, Міцкевіч і Ажэшка, Орда і Агінскі...

Сёньня мы, беларусы, глядзім на Польшчу з захапленьнем, а часам нават і з зайздрасьцю. Вы для нас больш чым сусед і саюзьнік, вы для нас — прыклад. Менавіта такой мы б хацелі бачыць Беларусь — моцнай, свабоднай і сувэрэннай дзяржавай, якая служыць сваім грамадзянам, а не чужой імпэрыі».

Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі правёў сустрэчу зь беларусамі. Варшава, 13 студзеня 2025 году

Ціханоўская заявіла, што цяпер многія беларусы вымушаныя знаходзіцца ў выгнаньні, але гэта часова:

«Мы абавязкова вернемся дадому. Нягледзячы на ўсе спробы рэжыму зьнішчыць нас — мы працягваем рабіць сваю справу. Мэдыя аднаўляюць працу і выходзяць на новую аўдыторыю. „Белсат“ запускае новыя праграмы. Праграма Каліноўскага набірае таленавітых студэнтаў і рыхтуе кадры для новай Беларусі. Нашы праваабаронцы дапамагаюць рэпрэсаваным. Бізнэсоўцы разьвіваюць сусьветна вядомыя кампаніі. Мы захоўваем нашу мову і культуру. „Купалаўцы“ зьбіраюць поўныя залі. Беларускія спартоўцы, як Марыя Жодзік ці Крысьціна Ціманоўская, перамагаюць у польскіх спаборніцтвах».

Ціханоўская ў сваім выступе таксама сказала аб падтрымцы Ўкраіне ў яе «гераічным змаганні за свабоду» і ыказала гонар за беларускіх добраахвотнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вольны з вольнымі». Прэзыдэнт Польшчы назваў беларусаў часткай традыцыі Рэчы Паспалітай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Пачобута ўзнагародзілі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Опэрная сьпявачка, якая стала адвакаткай. Вялікая размова з Ганнай Маціеўскай