Трамп заклікаў іранскіх пратэстоўцаў да захопу ўрадавых будынкаў: «Дапамога ўжо ў дарозе»

У час пратэстаў у Тэгеране

Свой допіс на TruthSocial ён суправадзіў абрэвіятурай, якая вельмі нагадвае ягоную перадвыбарчую з адной зьмененай літарай, што адначае «Зрабі Іран зноў вялікім».

У допісе на сваёй старонцы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў пратэстоўцаў «іранскімі патрыётамі».

«Іранскія патрыёты, працягвайце пратэставаць — захоплівайце ўрадавыя будынкі! Захоўвайце імёны забойцаў і цкавальнікаў. Яны заплацяць вяліку цану. Я скасаваў усе сустрэчы з іранскімі ўрадоўцамі да тае пары, пакуль ня спыняцца бессэнсоўныя забойствы пратэстоўцаў. Дапамога ўжо ў дарозе. Зрабіце Іран зноў вялікім! Прэзыдэнт Дональд Трамп» — напісаў ён.

Дональд Трамп напярэдадні абʼявіў аб увядзеньні 25-працэнтных мытаў для краін, якія вядуць бізнэс з Іранам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп аб’явіў аб увядзеньні 25-працэнтнага мыта для краін, якія вядуць бізнэс з Іранам, дзе працягваюцца антыўрадавыя пратэсты

Палітык раней заявіў, што іранскія лідэры «хочуць перамоваў», але ЗША, «магчыма, давядзецца дзейнічаць» да сустрэчы з імі. CNN са спасылкай на двух амэрыканскіх чыноўнікаў паведамляў, што гаворка ідзе як аб вайсковых, так і невайсковых мэтадах барацьбы з іранскім рэжымам, бо прэзыдэнт ЗША баіцца, што вайсковыя ўдары ЗША могуць згуртаваць насельніцтва Ірану. Сярод невайсковых захадаў абмяркоўваецца ўвядзеньне новых санкцый, кібэратакі супраць вайсковай або ўрадавай інфраструктуры, а таксама забесьпячэньне пратэстоўцаў інтэрнэтам Starlink.

Масавыя пратэсты ў Іране пачаліся 28 сьнежня 2025 году на фоне эканамічнага крызісу, абвалу нацыянальнай валюты і росту інфляцыі. Да адключэньня сеціва пратэсты ахапілі каля 120 гарадоў. Улады спрабуюць жорстка здушыць дэманстрацыі, выкарыстоўваючы зброю.

Паводле зьвестак Human Rights Activists News Agency (HRANA) на 12 студзеня, ад пачатку пратэстаў загінулі 646 чалавек, у тым ліку дзевяць дзяцей. Арганізацыя Iran Human Rights паведамляе аб 648 забітых. Колькасьць арыштаваных ацэньваецца больш як у 10 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьвет павінен спыніць рэкі крыві», — Алесь Бяляцкі выказаўся з нагоды пратэстаў у Іране