Як адзначаецца ў Telegram-канале ведамства, Марат Маркаў мяркуе, што моўная сытуацыя на тэлеканалах «адлюстроўвае агульную сытуацыю ў грамадзтве».
«Сапраўды, беларускамоўных праграмаў на ТВ ня так шмат. Сытуацыя склалася ня ўчора і адлюстроўвае агульную сытуацыю ў грамадзтве. Нагадаю, пра што я ўжо пісаў у гэтай рубрыцы: пры тым, што больш за палову грамадзян краіны, згодна з апошнім перапісам, назвалі менавіта беларускую мову роднай, размаўляюць на ёй — менш за чвэрць насельніцтва», — сказаў міністар.
Паводле яго, раптоўнае вызначэньне квоты ў памеры 45% будзе авантурай.
«У нас няма грамадзкай тэлевізіі, няма абавязковага штомесячнага збору Abonament RTV за валоданьне тэлевізарам і збору на смартфоны, пляншэты, ноўтбукі, тэлевізары, як у Польшчы і шэрагу іншых эўрапейскіх дзяржаваў. Тэлеканалы зарабляюць на рэкляме і арыентуюцца на запыт гледача. А толькі 1,1% тэлегледачоў, згодна з сацыялягічным апытаньнем 2025 году Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі, аддаюць перавагу тэлевізійным праграмам на беларускай мове. Яшчэ траціна апытаных адзначаюць аднолькавую ступень перавагі як расейскай, так і беларускай моваў у тэлекантэнце. І, што паказальна, частка пераглядаў нашага культурнага тэлеканалу Беларусь 3, дзе пераважна беларускамоўныя праграмы — у сярэднім 2,5%», — выклаў сваю пазыцыю ён.
Пры гэтым Марат Маркаў перакананы, што тэлеканалы павінны ўлічваць апісаную ім сытуацыю.
«Прышчапляць любоў да беларускай мовы неабходна комплексна — праз культуру, адукацыю, інфармацыйныя рэсурсы. І дакладна без найменшага ўшчамленьня другой дзяржаўнай мовы. Таму Міністэрства інфармацыі бачыць сваю задачу ня ў штучным навязваньні працэнтных суадносін, а ў стымуляваньні стварэньня тэлеканаламі якаснага, цікавага і канкурэнтаздольнага кантэнту на беларускай мове», — патлумачыў ён.
Міністар Маркаў таксама прапанаваў цяпер «не ўскладняць» моўнае пытаньне «з улікам усяго таго кашмару, які робіцца ў сьвеце».
«Галоўнае — любыя спробы публічна дыскрымінаваць якую-небудзь дзяржаўную мову, гэтаксама як і любую іншую нацыянальную мову, дэманстраваць непавагу да яе павінны жорстка спыняцца. Менавіта абвастрэньне моўных, нацыянальных і рэлігійных пытаньняў часта становіцца прычынай развалу дзяржаваў. А для Беларусі, дзе жывуць больш за 150 нацыянальнасьцяў, гэта больш чым актуальна», — дадаў міністар інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паўмільёна праглядаў за дзень». Карыстальнікі Threads пра тое, чаму пачалі пісаць там па-беларускуАляксандар Лукашэнка ініцыяваў наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай праз рэфэрэндум 1995 году, законнасьць якога аспрэчваецца. У Беларусі за ўвесь час праўленьня Лукашэнкі выкарыстаньне беларускай мовы ў дзяржаўнай і інфармацыйнай сфэрах няўхільна звужаецца. Большасьць тэлеканалаў і радыёстанцыў пераведзеныя на расейскую мову. У школах і дзіцячых садках засталося вельмі мала беларускамоўных клясаў і групаў.
Пасьля 2020 году ў Беларусі закрылася шмат беларускамоўных адукацыйных праектаў. Апроч таго, шэраг твораў беларускіх клясыкаў трапілі ў сьпіс так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а выкарыстаньне нацыянальных і некалі дзяржаўных сымбаляў (герб Пагоня, бел-чырвона-белы сьцяг) служыць прычынай палітычнага перасьледу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАРГ заклікаў беларусаў кожную пятніцу размаўляць па-беларуску