Сямейную пару зь Берасьцейшчыны асудзілі на вялікія тэрміны за дапамогу Ўкраіне: на 24 і 21 год увязьненьня

Суд у Берасьці. Архіўнае фота

Сужэнцаў абвінавацілі ў «тэрарызьме» і «незаконных дзеяньнях з боепрыпасамі».

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што Дзьмітрыя і Вольгу Капузаў асудзілі на 24 і 21 год пазбаўленьня волі адпаведна. Таксама іх унесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».

36-гадовых Дзьмітрыя і Вольгу Капузаў затрымалі 16 студзеня 2024 году. Муж з жонкай родам з Дарагічынскага раёну, жылі каля беларуска-ўкраінскай мяжы. Тады агулам затрымалі групу з 12 чалавек.

Дзьмітрыя і Вольгу паказалі ў прапагандысцкім відэароліку. Паводле вэрсіі беларускіх прапагандыстаў, пара нібыта працавала на спэцслужбы Ўкраіны. Сьцьвярджалася, што жыхары Дарагічынскага раёну дапамагалі Службе бясьпекі Ўкраіны — забіралі выбухоўку і рабілі сховы на тэрыторыі Беларусі.

Вольга і Дзьмітры Капузы, каляж

У прапагандысцкім відэа таксама паказалі, як Дзьмітрыю пры затрыманьні прастрэлілі сьцягно. А пазьней — як ён перасоўваецца на мыліцах.

Брата Дзьмітрыя адразу па затрыманьні супрацоўнікі КДБ білі па галаве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магчыма, жорсткасьць рэпрэсіяў крыху зьменшылася, — палітычны аналітык Рудкоўскі