У Беларусі пасьля заявы Хрэніна аб скіраваных супраць Менску манэўрах авіяцыі ЗША абвясьцілі вайсковыя вучэньні

Вайсковыя вучэньні ў Беларусі ў кастрычніку 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны Беларусі 13–16 студзеня пад кіраўніцтвам начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Паўла Муравейкі праводзяць супольныя штабныя вучэньні беларускага войска.

Як паведамілі ў прэсавай службе ведамства, мэта вучэньняў — выпрацаваць аптымальны парадак выкарыстаньня груповак войскаў, вайсковых фармаваньняў і ваенізаваных арганізацыяў «пры адным з магчымых варыянтаў абстаноўкі, беспасярэдне зьвязанай з пагрозаю ваеннай бясьпецы Беларусі».

«Трэнаваньне ёсьць адным з важных элемэнтаў навучальнага году і закладвае аснову для далейшага правядзеньня захадаў падрыхтоўкі ва Ўзброеных сілах», — адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін заявіў, што авіяцыя ЗША адпрацоўвае ўдары па Беларусі

12 студзеня Міністэрства абароны Беларусі адзначыла «беспрэцэдэнтную мілітарызацыю на пэрымэтры краіны».

«У эўрапейскіх краінах дысьлякуецца групоўка розных авіяцыйных сродкаў. Гэта больш за 2,2 тыс. самалётаў. Групоўка ў Польшчы і краінах Балтыі сягае 130, летась даходзіла да 140 самалётаў тактычнай авіяцыі. Мы таксама бачым палёты стратэгічнай бамбавальнай авіяцыі амэрыканцаў, якія адпрацоўваюць вучэбна-баявыя задачы нанясеньня ўдараў па нашай тэрыторыі», — цытуе міністра агенцтва БелТА.

Пры гэтым агенцтва не ўдакладніла, ці даў Хрэнін канкрэтныя прыклады такіх практыкаваньняў.

Свабода зьвярнулася ў Міністэрства абароны ЗША * з просьбай пракамэнтаваць заявы Віктара Хрэніна. Мы апублікуем адказ, калі яго атрымаем.

* Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у верасьні 2025 году падпісаў выканаўчы загад, які дае Міністэрству абароны другасную назву Міністэрства вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны заплянавала на гэты год амаль тысячу мерапрыемстваў на трох кантынэнтах