У Літве адзначаюць 35-я ўгодкі трагічных падзеяў 1991 году, калі краіна выходзіла з СССР. ФОТА

Акцыя да Дня абаронцаў свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026 году

13 студзеня 1991 году савецкія войскі ўзялі штурмам будынак тэлецэнтру ў Вільні. У выніку дзеяньняў савецкіх вайскоўцаў каля Дому друку, тэлевізійнай вежы і будынку Літоўскага радыё і тэлевізіі былі забітыя 14 цывільных. 13 студзеня ў Літве адзначаюць Дзень абаронцаў свабоды.

Студзеньскія падзеі 35-гадовай даўніны былі вяршыняю шматгадовае барацьбы за аднаўленьне незалежнасьці Літвы, якую спрабавалі здушыць савецкія ўлады. 13 студзеня 1991 году дзясяткі тысяч жыхароў Вільні выйшлі на абарону стратэгічных аб’ектаў ад савецкага войска. У той дзень у Вільні ад дзеяньняў войскаў СССР загінулі 14 абаронцаў, сотні былі параненыя.

Хоць савецкім вайскоўцам тады ўдалося захапіць тэлевежу і будынак Літоўскага радыё і тэлевізіі, яны не адважыліся атакаваць будынак тагачаснага Вярхоўнага Савету — Аднаўленчага Сейму, які ахоўвалі тысячы людзей.

У абароне парлямэнту Літвы ў студзені 1991 году бралі ўдзел і беларусы, якія стала жылі ў Літве або адмыслова прыехалі ў Вільню. І сёньня беларусы бяруць удзел і ў адзначэньні 35-х угодкаў тых падзеяў.

Акцыя да Дня абаронцаў свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026 году

Урачыстае адзначэньне Дня абаронцаў свабоды пачалося 12 студзеня: каля Сейму на праспэкце Гедзіміна і каля тэлевежы запалалі вогнішчы, якія нагадалі пра падзеі 1991 году, на пляцы Незалежнасьці ўрачыста паднялі дзяржаўны сьцяг Літвы. Апоўдні 13 студзеня ад гэтага месца да Катэдральнага пляцу заплянаваны марш роты ганаровай варты з вайсковым аркестрам, а на Антокальскіх могілках і ў іншых месцах усклалі кветкі да помнікаў абаронцам незалежнасьці.

Пасьля запальваньня вогнішча каля віленскай тэлевежы прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што свабоду, як і агонь, трэба пастаянна падтрымліваць, «каб яна палымнела ярка».

«Трэба ні ў якім разе не спыняцца і ня думаць, што баі за свабоду адбыліся ў мінулым, мы выйгралі іх раз і назаўжды. Гэта ня так, і Ўкраіна, пралітая ёю кроў нагадвае нам пра цану свабоды, якую мы павінны быць гатовыя заплаціць у кожны час», — сказаў Наўседа журналістам у панядзелак каля тэлевежы, піша BNS.

Акцыя да Дня абаронцаў свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026 году

Карціны Пушкіна выставілі ў Сейме Літвы да Дня абаронцаў свабоды

У Сейме Літоўскай Рэспублікі 12 студзеня адкрылася выстава карцін, прысьвечаных беларусам, якія загінулі ва Ўкраіне, абараняючы яе свабоду.

Сярод твораў, якія экспануюцца ў літоўскім парлямэнце, — карціны Алеся Пушкіна, які пасьля творчай паездкі ва Ўкраіну быў арыштаваны ўладамі Беларусі і ў 2023 годзе памёр у турме.

Выстава ў Сейме да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026 году

Таксама ў літоўскім Сейме выстаўленыя карціны былога палітвязьня, старшыні мастацкай суполкі «Пагоня» Генадзя Драздова, які быў асуджаны на тры калёніі, беларускіх мастакоў Алеся Сушы, Алеся Цыркунова, Андруся Такінданга і ўкраінскага майстра жывапісу Тараса Носара. Усе яны ў 2015 годзе пабывалі ў Данецкай вобласьці Ўкраіны, у зоне баявых дзеяньняў, і стварылі гэтыя карціны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве адкрылася выстава карцін, напісаных беларускімі мастакамі ў зоне АТО

Выстава арганізаваная з дапамогай Таварыства беларускай культуры ў Літве і Міжнароднага дабрачыннага фонду «Валошка» (Украіна).

Выстава ў Сейме да Дня абаронцаў Свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026

Раней Анатоль Лябедзька і Дзяніс Кучынскі, дарадцы дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай, прынялі ўдзел у традыцыйным забегу памяці абаронцаў свабоды Літвы. Гэтая спартовая акцыя завецца «Шляхам жыцьця і сьмерці» і прысьвечана 35-й гадавіне падзеяў 13 студзеня 1991 году.

Акцыя да Дня абаронцаў свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026 году

Беларусы «глыбока ўдзячныя» Літве за салідарнасьць і падтрымку на іхным шляху да свабоды, заявіла 13 студзеня дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.

Яна апублікавала падзяку ў сацыяльнай сетцы Х у Дзень абаронцаў свабоды Літвы — «дзень, калі простыя літоўцы праявілі вялікую мужнасьць, згуртаваўшыся для абароны незалежнасьці ад прыгнёту».

Акцыя да Дня абаронцаў свабоды Літвы. Вільня, 12 студзеня 2026 году

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «зьнішчаная» Літва пераўзыходзіць «квітнеючую» Беларусь у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці. Інфаграфіка