Праваабаронцы Ірану ўжо пацьвердзілі гібель больш як 500 грамадзян, у тым ліку пратэстоўцаў, сілавікоў, непаўналетніх і выпадковых мінакоў.
Арганізацыя NetBlocks12 студзеня абвясьціла, што ў Іране чацьвёрты дзень запар адключаны інтэрнэт.
Як адзначаецца ў паведамленьні, шматгадовыя дасьледаваньні лічбавай цэнзуры ў Іране паказваюць, што грамадзяне выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя рашэньні для доступу да сувязі ў такіх абставінах.
У прыватнасьці, размова ідзе аб выкарыстаньні караткахвалевых і аматарскіх радыёстанцый, аб падключэньні да вышак сотавай сувязі ў памежных раёнах, тэрміналаў Starlink і тэхналёгіі прамой сувязі з спадарожніка на сотавы тэлефон.
Масавае адключэньне інтэрнэту пачалося 8 студзеня і супала з актывізацыяй пратэстаў у шматлікіх іранскіх гарадах. Праваабарончыя групы і актывісты за свабоду інтэрнэту заяўляюць, што такім чынам улады хочуць абмежаваць распаўсюджваньне інфармацыі і ўскладніць дакумэнтаваньне падаўленьня пратэстаў.
Нягледзячы на адключэньне, праз альтэрнатыўныя сродкі сувязі апублікавалі асобныя відэа і справаздачы, якія паказваюць, што пратэсты працягваюцца ў розных гарадах Ірана.
Свабода паглядзела, у якіх краінах падчас масавых пратэстаў адключалі сувязь. Сярод іх толькі краіны, якія ў сьвеце лічацца недэмакратычнымі або часткова дэмакратычнымі. Барацьба з інтэрнэтам стала новым сродкам уплыву дзяржавы на грамадзянскую супольнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы Ірану пацьвердзілі гібель больш як 500 грамадзян, у тым ліку пратэстоўцаў, сілавікоў і непаўналетніхБеларусь
У Беларусі абмежаваньні доступу да інтэрнэту выкарыстоўвалі 9–11 жніўня 2020 году падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткага разгону ўдзельнікаў акцыяў.
Тады ўлады абмяжоўвалі доступ да інтэрнэту, блякавалі мабільную сувязь, мэсэнджары і сацыяльныя сеткі. Многія сайты адкрываліся толькі з дапамогай ананімайзэраў ці VPN. Гэта адбывалася ў дзень выбараў 9 жніўня 2020 году і пазьней падчас масавых акцыяў пратэсту ў Менску іншых гарадах.
Пазьней Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што гэта рабілі на яго распараджэньне.
Найбольш масавыя акцыі пратэсту адбыліся ў Беларусі 16 і 23 жніўня, калі ў цэнтры Менску сабраліся, паводле некаторых ацэнак, ад 200 да 400 тысяч чалавек, а па ўсёй Беларусі — больш за мільён.
З таго часу ў Беларусі кожны раз напярэдадні вялікіх палітычных кампаній і падзеяў запавольваюць трафік інтэрнэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія Top10VPN: адключэньне інтэрнэту каштавала Беларусі 336 мільёнаў даляраўКазахстан
У студзені 2022 году ўлады на тры дні адключылі інтэрнэт праз пратэсты, выкліканыя ростам цэнаў на газавае паліва. Зь перабоямі працавалі мэсэнджары і сайты незалежных казахстанскіх СМІ.
За некалькі дзён эканамічныя пратэсты перарасьлі ў палітычныя з патрабаваньнем адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі шматгадовага прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева.
Пратэстоўцы захоплівалі мясцовыя органы ўлады, пачаліся сутыкненьні з паліцыяй. У выніку ў краіне абвясьцілі надзвычайнае становішча, а для навядзеньня парадку ўлады запрасілі сілы АДКБ, у тым ліку вайскоўцаў зь Беларусі.
Паводле розных зьвестак, больш за чатыры тысячы чалавек атрымалі раненьні (улады сьцьвярджалі, што больш за 3 тысячы зь іх былі сілавікі, загінулі 238 чалавек, у тым ліку 19 паліцыянтаў і вайскоўцаў. Завялі амаль 500 крымінальных справаў, у тым ліку па фактах тэрарызму, масавых беспарадкаў і забойстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане асудзілі былога міністра ўнутраных справаў за пратэсты студзеня 2022 годуРасея
У Расеі маштабныя адключэньні інтэрнэту былі ў 2019 годзе, калі праходзілі выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу. Хвалю пратэстаў справакавалі адмова ўладаў зарэгістраваць кандыдатамі ў дэпутаты прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў, выяўленьне «перавышэньня дапушчальнага адсотку браку ў падпісных лістах», а таксама намер уладаў заканадаўча зацьвердзіць стварэньне «сувэрэннага інтэрнэту» ў Расеі на выпадак яе адключэньня ад глябальнай сеткі.
У сакавіку 2019 году, паводле розных ацэнак, у акцыях пратэсту ўдзельнічалі ад 6,5 да 15 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі рэкордны рост пратэставай актыўнасьці ў 2019 годзе, — сацыёлягіЭгіпэт
У канцы студзеня і лютым 2011 году ў Эгіпце пачалася хваля пратэстаў з патрабаваньнем адстаўкі тагачаснага прэзыдэнта Хосьні Мубарака, які кіраваў краінай 30 гадоў. У розныя дні ў некалькіх гарадах краіны на пратэсты выходзілі ад 15 да 50 тысяч чалавек. Калі на плошчы Тахрыр у Каіры сабраліся прыблізна 250 тысяч дэманстрантаў, улады адключылі інтэрнэт і мабільную сувязь на пяць дзён.
У пачатку лютага пачаліся масавыя сутыкненьні паміж прыхільнікамі і апанэнтамі аўтарытарнага кіраўніка.
Пасьля адстаўкі Хосьні Мубарака і расьсьледаваньня стала вядома, што ў часе беспрэцэдэнтных для Эгіпту пратэстаў загінулі 846 чалавек і яшчэ прыблізна 5 тысяч атрымалі раненьні. Сярод ахвяраў былі як дэманстранты, так і сілавікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі рэвалюцыя прыводзіць да горшага. Як зьмяніўся Эгіпет за 10 годМ’янма
У М’янме абмяжоўвалі і адключалі інтэрнэт у 2021 годзе, калі ў краіне пачаліся акцыі пратэсту супраць вайсковага перавароту. Пазьней яны перарасьлі ўва ўзброенае супрацьстаяньне, якое працягваецца і дагэтуль.
Для разгону пратэстоўцаў хунта выкарыстоўвала гумовыя кулі, сьлезацечны газ і агнястрэльную зброю.
Паводле зьвестак на сакавік 2022 году, зарэгістраваныя больш за 1 600 выпадкаў гібелі людзей, большасьць якіх удзельнічалі ў пратэстах, у тым ліку 350 загінулі ў турмах, яшчэ больш за 12 500 затрымалі, у тым ліку 250 дзяцей.
Інтэрнэт адключалі цалкам на адзін дзень, а потым часткова аднаўлялі з адначасовым блякаваньнем «дзеля стабільнасьці ў краіне» Facebook Messenger, Instagram, WhatsApp і Twitter.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў М’янме падзяліўся сакрэтамі «стабільнасьці» і «перамогі» на выбарах. Што яшчэ вядома пра супрацу рэжымаўСудан
Пратэсты ў Судане ў канцы 2018 — пачатку 2019 году пачаліся праз высокія цэны на хлеб і пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне. 11 красавіка 2019 году адбыўся вайсковы пераварот, тагачаснага прэзыдэнта Амара аль-Башыра адхілілі ад улады.
Паводле зьвестак новага ўраду, у часе пратэстаў загінулі амаль 30 чалавек, у тым ліку 2 супрацоўнікі сілаў бясьпекі.
Акцыі пратэсту разганялі сілы спэцыяльнага прызначэньня. Пасьля паведамленьняў аб першых ахвярах пратэсты сталі больш актыўнымі.
Улады абмежавалі доступ да інтэрнэту і заблякавалі сацыяльныя сеткі.
Для кантролю над інфармацыяй адключэньні інтэрнэту працягваюць выкарыстоўваць у Эфіёпіі, Камэруне, Анголе, Чадзе, Угандзе, Зымбабвэ, Вэнэсуэле, на Кубе і ў Кітаі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бакі канфлікту ў Судане дамовіліся пра трохдзённае спыненьне агню