Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа выказаўся аб гэтым у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву BNS, апублікаваным 12 студзеня.
На пытаньне, ці магла б Літва ў выпадку ціску партнэраў аднавіць транзыт у абмен на павелічэньне ў краіне вайсковага кантынгенту ЗША або пры ўмове, што прыбытак наўпрост ішоў бы ў абаронны бюджэт, Наўседа адказаў, што не гатовы на гэта пайсьці.
«Для мяне каштоўнасная палітыка — не пустое паняцьце або пустое слова. Таму... гандляваць каштоўнасьцямі — для мяне абсалютна непрымальна», — падкрэсьліў кіраўнік літоўскай дзяржавы.
Паводле яго, усякія развагі аб тым, што Вільня магла б «нешта прадаць у абмен на больш гнуткую пазыцыю ў пытаньні беларускіх угнаеньняў, у прынцыпе непрымальныя». Наўседа падкрэсьліў, што гэта палітыка і Эўрапейскага Зьвязу.
Літоўскі прэзыдэнт назваў сябе «адным з наймацнейшых прыхільнікаў санкцыянаваньня беларускіх угнаеньняў ува ўсіх фарматах — у Эўрапейскай радзе і ў іншых месцах».
«Цяпер я акурат абмяркоўваю гэта з кіраўнікамі суседніх краін — і з прэм’ер-міністрам Польшчы, і з прэмʼер-міністрам Латвіі. Учора мы гаварылі пра гэта з канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам. Я спытаўся ягонай думкі, як падзеі могуць разьвівацца далей. У кожным разе пазыцыя Літвы застаецца вельмі цьвёрдай.
Мэрц, паводле Наўседы, разумее пазыцыю Літвы і мэтазгоднасьць санкцыяў, накладзеных на Беларусь, і «заўсёды іх падтрымліваў».
Наўседа выказаў надзею, што ў размовах з партнэрамі «ўдасца сфармаваць вельмі моцную кааліцыю, якая скажа экспарту беларускіх угнаеньняў празь літоўскія парты яснае „не“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. Сьпіс з прозьвішчамі 121 вызваленагаЛітва забараніла транзыт беларускіх угнаеньняў у пачатку 2022 году, абапіраючыся на санкцыі ЗША, бо ЭЗ увёў адпаведныя абмежаваньні пазьней.
13 сьнежня пасьля перамоваў у Менску спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі былі вызваленыя і вывезеныя з краіны 123 палітвязьні. Амэрыканскі дыплямат заявіў, што ЗША на ўказаньне прэзыдэнта Дональда Трампа здымаюць санкцыі зь беларускіх калійных угнаеньняў.
15 сьнежня бюро кантролю за фінансавымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) апублікавала агульную ліцэнзію, якая дазваляе апэрацыі з ААТ «Беларуськалій» і ААТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК).
Наўседа 30 сьнежня зьняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што ЗША пасьля зьняцьця сваіх санкцыяў зь беларускіх калійных угнаеньняў аказваюць ціск на Літву, каб яна дазволіла транзыт гэтай прадукцыі праз порт Клайпеды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва, Латвія і Польшча будуць трымацца разам у пытаньні транзыту беларускіх угнаеньняў