Паліцыя на Кіпры шукае былога гендырэктара «Ўралкалію» Баўмгертнэра, якога некалі арыштоўвалі ў Менску

Уладзіслаў Баўмгертнер, архіўнае фота

Паліцыя Кіпру просіць паведаміць пра інфармацыю, якая можа дапамагчы ў пошуку 56-гадовага расейца Ўладзіслава Баўмгертнера, які зьнік бязь вестак 7 студзеня зь месца свайго пражываньня ў кіпрскім горадзе Лімасоле.

Усіх, хто ведае нешта, просяць зьвязацца з паліцэйскім пастарункам у Лімасоле або патэлефанаваць на гарачую лінію кіпрскай паліцыі.

У 2003-2013 гадах Баўмгертнер быў камэрцыйным, а потым генэральным дырэктарам расейскай кампаніі «Ўралкалій». Пазьней, з сакавіка 2017 году па кастрычнік 2021 году ён займаў пасаду генэральнага дырэктара кампаніі Alevo.

У жніўні 2013 году па абвінавачаньні ў злоўжываньні паўнамоцтвамі ён быў арыштаваны ў Беларусі, куды прыбыў для правядзеньня перамоваў са старшынёй беларускага ўраду Міхаілам Мясьніковічам. Баўмгертнер стаў самым высокапастаўленым расейскім топ-мэнэджэрам, узятым пад варту ў Беларусі ў найноўшай гісторыі.

Акалічнасьці затрыманьня ў аэрапорце перад вылетам у Расею, трохмесячнае знаходжаньне ў сьледчым ізалятары і пад хатнім арыштам у Менску, складаныя перамовы на высокім узроўні аб вызваленьні, прыцягнулі да лёсу бізнэсоўца значную ўвагу грамадзкасьці і СМІ. У лістападзе 2013 году Баўмгертнера перадалі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 скандальных арыштаў на беларускай мяжы