9 студзеня у Койданаве зламаўся цягнік Пінск — Менск. І беларусы зноў паказалі, як яны ўмеюць быць салідарнымі

Ілюстрацыйнае фота

Паводле раскладу дарога зь Пінску да Менску мусіла заняць чатыры гадзіны. Але ў Койдаве зроблены ў Польшчы цягнік Pesa DP6 рэгіянальных ліній бізнэс-клясы зламаўся. Зьнікла і ацяпленьне.

Зьмерзлыя пасажыры прыехалі ў Менск толькі па 2-й гадзіне ночы. Грамадзкі транспарт ужо не хадзіў, а таксовак у доступе не было праз кепскае надвор’е.

Некаторых пасажыраў разьвезьлі па дамах неабыякавыя людзі, якія даведаліся пра здарэньне з сацыяльных сетак. Паводле аднаго з водгукаў, дабрадзеі не ўзялі за сваю дапамогу грошай.

Гэтая гісторыя стала вядомая з допісаў у сацсетцы Threads.

Беларуская чыгунка ў сваіх сацыяльных сетках і на сайце сёньня публікавала справаздачы пра суботнікі для прыбіраньня сьнегу, а пра гэты інцыдэнт не згадала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні вёсак безь сьвятла, праламаныя дахі, затрымкі транспарту — статыстыка сьнежнай стыхіі