У Беларусі аранжавы, а ў Гомлі чырвоны ўзровень небясьпекі праз завіруху і галалёд

Ілюстрацыйнае фота

У Цэнтры гідрамэтэаралёгіі, кантролі радыяактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольля (Белгідрамэт) паведамілі аб неспрыяльных умовах надвор’я 8 і 9 студзеня.

Як адзначаецца ў паведамленьні Белгідрамэту, 8 сьнежня ў паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі прагназуюць моцны сьнег, завіруху, на дарогах сьнежныя заносы, узмацненьне ветру да 15–20 м/с.

9 студзеня ўсе гэтыя зьявы пашырацца на большую частку краіны. Уначы вецер можа дасягаць 24 м/с. Уначы на паўднёвым сходзе вельмі моцны сьнег.

У Міністэрстве надзвычайных сытуацый папярэдзілі, аб магчымых пашкоджаньнях ліній сувязі і электраперадач, адключэньні электрападстанцыяў і электраэнэргіі ў населеных пунктах, падзеньні слаба замацаваных канструкцыяў, пашкоджаньнях будынкаў і дахаў, а таксама аб ускладненьні дарожнага руху і росту імавернасьці дарожна-транспартных здарэньняў.

Міліцыя Гомельшчыны заклікала мясцовых жыхароў адмовіцца ад паездак на аўтамабілях, а пешаходаў — выкарыстоўваць флікеры і не выходзіць раптоўна на праезную частку дарог пры іх пераходзе.

У Хвойніках мясцовых жыхароў заклікалі дапамагчы камунальным службам у прыбіраньні сьнегу. У горадзе адкрылі два пункты выдачы неабходнага інвэнтару. Пункты працуюць з 8:00 да 17:00.

У Гомельскай вобласьці паведамілі аб штармавым папярэджаньні і абвясьцілі чырвоны ўзровень небясьпекі на 9 студзеня. У гэты дзень у рэгіёне і абласным цэнтры прагназуюць вельмі моцны сьнег, завіруху, на дарогах сьнежныя заносы і ўзмацненьне ветру да 15–20 м/с.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як камунальнікі змагаюцца з наступствамі сьнегападу ў Менску