Збор завершаны, сабрана 28 283 эўра з 27 400 заплянаваных, што дазволіць выплаціць па 100 эўра на кожнае дзіця, паведамілі ў фондзе.
BySol скончыў свой традыцыйны калядны збор, каб падтрымаць дзяцей палітычных зьняволеных. Ужо атрымалі выплаты 134 дзіцяці з 266, на якіх прыйшлі заяўкі.
«Дарослы сьвет пасьпеў прычыніць гэтым дзецям нямала зла: закласьці трывогу, адабраць звыклы клопат, прымусіць перажываць расстаньне з самымі роднымі людзьмі. Гэта тое, з чым не павінна сутыкацца аніводнае дзіця ў сьвеце. Менавіта мы з вамі можам прадэманстраваць, што сьвет дарослых бывае ня толькі жорсткі», — заявілі ў фондзе.
Фонд прымаў заяўкі ад сем’яў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў, і ад тых, хто цяпер даглядае дзяцей палітзьняволеных. Заяўкі прымаліся як унутры Беларусі, так і за яе межамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cупраць сьвятара Аляксандра Кухты ў Беларусі завялі крымінальную справу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У фонд BySol за год ахвяравалі больш за мільён эўра