У Бешанкавіцкім раёне прадаюць кузьню сядзібы шляхцічаў Мядзьведзкіх. Раней прадалі іхны сядзібны будынак

Кузьня сядзібы Мядзьведзкіх у Бешанкавіцкім раёне

У канцы 2024 году менскаму інвэстару прадалі сядзібны будынак Мядзьведзкіх, які новы ўласьнік павінен аднавіць цягам чатырох гадоў.

Цяпер на аўкцыён выставілі будынак кузьні, пабудаванай у пачатку XIX стагодзьдзя. Абодва аб’екты маюць статус гістарычна-культурнай каштоўнасьці.

Як вынікае з інфармацыі, разьмешчанай на сайце Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы, чарговы аўкцыён заплянавалі на 23 студзеня 2026 году з стартавай цаной усяго 42 рублі. Першы крок таргоў вызначылі на ўзроўні 2,10 рубля.

Папярэдняя спроба прадаць кузьню была 3 сьнежня 2025 году, аднак аўкцыён не адбыўся, не было ахвочых яе набыць.

Сядзібны будынак прадалі з аўкцыёну ў сьнежні 2024 году

Сядзіба, у якую ўваходзілі флігель, кухня, кузьня, вяндлярня, 2 гаспадарчыя пабудовы і капліца (не захавалася) і парк, пабудаваная ў пачатку XIX стагодзьдзя як радавое гняздо шляхцічаў Мядзьведзкіх. Род вядомы з часоў Вялікага Княства Літоўскага, а яго прадстаўнікі жылі пераважна на тэрыторыі сучасных Віцебскай і Магілёўскай вобласьцяў.

У савецкі час і да 2017 году ў сядзібным будынку была сярэдняя школа, а ў кузьні — сталавальня.

Новы ўласьнік кузьні павінен будзе падпісаць ахоўныя абавязкі, бо гэты аб’ект ёсьць гістарычна-культурнай каштоўнасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Глыбокім зноў выставілі на продаж будынак кляштара кармэлітаў, якія падтрымлівалі антырасейскае паўстаньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўшацкім раёне выставілі на аўкцыён гістарычны маёнтак. Стартавая цана — 42 рублі