Нацыянальны банк выдаў пастанову, якая вымагае ад кіраўніцтва банкаў і іншых фінансавых установаў палітычнай ляяльнасьці

Старшыня Нацыянальгага банку Раман Галоўчанка, архіўнае фота

Больш жорсткія праверкі чакаюць кіраўнікоў банкаў, іх намесьнікаў, галоўных бухгальтараў, кіраўнікоў аддзелаў, чальцоў радаў дырэктараў.

У сваёй пастанове № 370, 7 студзеня разьмешчанай на партале Pravo.by, Нацыянальны банк уносіць зьмены ў Банкаўскі кодэкс і ў свае пастановы «Аб бухгальтарскім уліку і справаздачнасьці», «Аб урэгуляваньні няплатаздольнасьці», «Аб стварэньні адкрытага акцыянэрнага таварыства „Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь“».

Сярод іншага, там сфармуляваныя патрабаваньні палітычнай ляяльнасьці ад людзей, якія прызначаюцца на найвышэйшыя пасады ў фінансавай сфэры. Цяпер, акрамя кваліфікацыі і бездакорнай рэпутацыі, вымагаецца наяўнасьць палітычнай ляяльнасці, пацьверджаная «інфармацыяй, пададзенай дзяржаўным органам (яго тэрытарыяльным органам), упаўнаважаным на ажыцьцяўленьне захадаў папярэджаньня і выяўленьня пагрозаў нацыянальнай бясьпецы».

Фармальна ў інструкцыю аб правядзеньні Нацыянальным банкам ацэнкі адпаведнасьці патрабаваньням да кваліфікацыі і дзелавой рэпутацыі, аб атэстацыі і спэцыяльнай атэстацыі, зацьверджаную пастановай праўленьня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь ад 19 сьнежня 2012 г. № 669, уносяцца зьмены. Паводле новай пастановы праўленьня Нацыянальнага банку, дзяржаўны орган павінен пацьвердзіць, што атэставаны кіраўнік не заўважаны ў наступных дзеяньнях:

  • удзеле у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах,
  • парушэньні ўстаноўленага парадку правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў, пікетаваньня, іншых масавых мерапрыемстваў,
  • а таксама ў публічных закліках да арганізацыі або правядзеньня такіх з парушэньнем устаноўленага парадку іх арганізацыі
  • або ўдзелу ў любым відзе дзейнасьці, накіраваным на дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня, уключаючы асабісты ўдзел, пасярэдніцтва або супрацоўніцтва шляхам аказаньня паслуг,
  • рэгістрацыі ў экстрэмісцкіх фармаваньнях,
  • распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданьне, захоўваньне або перавозку ў мэтах распаўсюджваньня такой інфармацыйнай прадукцыі, — гаворыцца ў пастанове праўленьня Нацыянальнага банку.


Кваліфікацыйную камісію Нацыянальнага банку праходзяць кіраўнікі банкаў, іх намесьнікі, галоўныя бухгальтары і іх намесьнікі, кіраўнікі аддзелаў, незалежныя дырэктары і чальцы радаў дырэктараў.

Кваліфікацыйная камісія Нацыянальнага банку правярае таксама і сваіх супрацоўнікаў.

Тэрмін, цягам якога для службовай асобы дзейнічаюць вынікі кваліфікацыйнай праверкі, можа вагацца ад 1 да 5 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нацбанк Беларусі назваў пераможцу конкурсу на стварэньне графічнага знаку для нацыянальнай валюты

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нацбанк Беларусі абмежаваў бонусы кіраўнікам камэрцыйных банкаў — да 12 акладаў на год