У Менску заявілі, што амбасада ў Каракасе працуе «ў штатным рэжыме», інфармацыі аб пацярпелых беларусах няма

МЗС Беларусі. Архіўнае фота

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі разглядаюць «узброеную агрэсію» супраць Вэнэсуэлы як наўпроставую пагрозу міжнароднаму міру і бясьпецы.

«Беларускі бок заяўляе аб сваёй непахіснай падтрымцы законнага ўраду Вэнэсуэлы і далучаецца да закліку аб тэрміновым скліканьні Рады бясьпекі ААН, на якую ўскладзена галоўная адказнасьць за падтрыманьне міру», — адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі.

У дакумэнце адзначаецца, што дыпляматычная місія Беларусі ў Каракасе працуе ў штатным рэжыме, яе пэрсанал у бясьпецы. «Вядзецца праца па маніторынгу сытуацыі з беларускімі грамадзянамі; інфармацыя аб экстрэмальных здарэньнях зь імі не паступала», — паведамілі ў МЗС Беларусі.

Дыпляматы, як і Аляксандар Лукашэнка, катэгарычна асудзілі ўдар ЗША па Вэнэсуэле.

Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў патэлефанаваў кіраўніку замежнапалітычнага ведамства Вэнэсуэлы Івану Хілю і выказаў падтрымку вэнэсуэльскаму ўраду.

У паведамленьні МЗС Беларусі адзначаецца, што згодна з Канстытуцыяй кіраўніцтва Вэнэсуэлай будзе ажыцьцяўляць віцэ-прэзыдэнтка Дэлсі Радрыгес.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў аб затрыманьні лідэра Вэнэсуэлы Мадура, а апэрацыю войскаў ЗША ў Каракасе назваў «бліскучай»