Мінабароны заплянавала на гэты год амаль тысячу мерапрыемстваў на трох кантынэнтах

Ілюстрацыйнае фота. Армія Беларусі

Міністэрства абароны Беларусі заплянавала на 2026 год больш за 920 мерапрыемстваў з 35 краінамі на трох кантынэнтах, паведаміў начальнік дэпартамэнта міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) – памочнік міністра па пытаньнях МВС Валерый Равенка.

Пра гэта піша Позірк.

Сярод іншага, як напісаў чыноўнік на сваёй старонцы ў сацсетцы Х, сёлета ў Беларусі пройдуць вучэньні зь міратворчымі сіламі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бясьпецы, у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах – манэўры з удзелам беларускай арміі. Акрамя таго, вайскоўцы з Беларусі возьмуць удзел у міжнародных спаборніцтвах у Пакістане PATS-2026.

Паводле інфармацыі Равенкі, па лініі міжнароднай вайсковай супрацы ў 2025 годзе адбылося 756 мерапрыемстваў (з удзелам міністра і яго намесьнікаў – 97). Міністар абароны Віктар Хрэнін зьдзейсьніў чатыры афіцыйныя візыты – у М’янму, Катар, Пакістан і Зімбабве, а начальнік Генэральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка тры – у Віетнам, Кубу і Казахстан. Падпісаныя тры міжнародныя пагадненьні – з Пакістанам, Кіргізстанам і Зімбабвэ.

У 2025 годзе, на думку памочніка міністра, адбылася «значная актывізацыя вайсковай і вайскова-тэхнічнай супрацы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прынамсі 10 чалавек загінулі ў пажары на гарналыжным курорце ў Швайцарыі