Кая Калас назвала заявы Расеі аб нападзе на рэзыдэнцыю Пуціна беспадстаўнымі. У Маскве настойваюць на сваім

Вярхоўная прадстаўніца ЭЗ у замежных справах Кая Калас. Архіўнае фота

На думку кіраўніцы зьнешняў палітыкі Эўразьвязу Каі Калас, такім чынам «Масква імкнецца сарваць рэальны прагрэс» у дасягненьні міру.

Заява Масквы аб тым, што Ўкраіна нядаўна нібыта нанесла ўдары па ключавых дзяржаўных аб'ектах у Расеі, зьяўляецца наўмысным адцягненьнем увагі, заявіла вярхоўная прадстаўніца ЭЗ па замежных справах Кая Калас.

«Заява Расеі аб тым, што Ўкраіна нядаўна напала на ключавыя дзяржаўныя абʼекты ў Расеі, зьяўляецца наўмысным адцягненьнем увагі. Масква імкнецца сарваць рэальны прагрэс Украіны і яе заходніх партнэраў у дасягненьні міру», – напісала яна ў сацыяльнай сетцы X.

Калас дадала, што «ніхто не павінен прымаць беспадстаўныя заявы агрэсара, які з пачатку вайны без разбору атакуе інфраструктуру і мірнае насельніцтва Ўкраіны».

Тым часам Мінабароны Расеі працягвае настойваць на тым, што ўкраінскія вайскоўцы ў ноч на 29 сьнежня ажыцьцявілі спробу атакі бесьпілётнікамі далёкага дзеяньня на рэзыдэнцыю Пуціна ў Наўгародзкай вобласьці.

З брыфінгам на гэтую тэму 31 сьнежня выступіў начальнік зэнітных ракетных войскаў ВКС Расеі Аляксандар Раманенкаў. Паводле слоў генэрала, пры атацы ніхто не пацярпеў, абышлося без разбурэньняў на зямлі, «шкоды рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі не дапушчана».

Дрон, які паказала Мінабароны Расеі

Мінабароны Расеі таксама апублікавала відэа, на якім бачны меркавана зьбіты бесьпілотнік, які ляжыць у сьнезе. Сьцьвярджаецца, што гаворка ідзе аб адным з украінскіх дронаў, якія атакавалі рэзыдэнцыю Пуціна. Пра іншыя нібыта 90 зьбітых дронаў інфармацыі няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абвінаваціла Ўкраіну ва ўдары па рэзыдэнцыі Пуціна. Зяленскі назваў гэта хлусьнёй

Аб нібыта ўкраінскай атацы стала вядома з заявы міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова. Паводле яго слоў, атака на рэзыдэнцыю Пуціна ў Наўгародзкай вобласьці нібыта адбылася ў ноч з 28 на 29 сьнежня.

Гэтую тэму Пуцін таксама абмяркоўваў з прэзыдэнтам ЗША – Дональд Трамп перад сустрэчай з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу ў Флорыдзе сказаў журналістам, што ён быў раззлаваны гэтым інцыдэнтам.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў гэтыя заявы Расеі «чарговай хлусьнёй».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) не знайшлі доказаў украінскай атакі на рэзыдэнцыю Пуціна на Валдаі. У справаздачы інстытуту за 30 сьнежня адзначаецца, што заявы расейскага боку не пацьвярджаюцца зьвесткамі з адкрытых крыніц: відэазапісаў зь геалякацыяй, кадрамі выбухаў або дыму паблізу аб’екту, а таксама камэнтарамі мясцовых уладаў, паведамленьнямі рэгіянальных СМІ аб пашкоджаньнях.

Апроч таго, аналітыкі зьвярнулі ўвагу на супярэчлівасьць нават у афіцыйных заявах МЗС і Міністэрства абароны Расеі.

Высновы ISW пацьвердзілі і мясцовыя жыхары. Як паведаміў Telegram-канал «Можем объяснить», жыхары Наўгародзкай вобласьці не атрымлівалі характэрных паведамленьняў аб пагрозе бесьпілётнікаў, а жыхары Валдаю ня чулі характэрных гукаў дронаў або выбухаў у выніку пацэльваньня бесьпілётнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выказаўся пра меркаваную атаку дронаў на рэзыдэнцыю Пуціна, доказаў якой няма