Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў дзяржаўную праграму «Забесьпячэньне правапарадку» на 2026–2030 гады вартасьцю 571 118 000 рублёў.
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ўраду, для «забесьпячэньня правапарадку» цягам бліжэйшых пяці гадоў плянуюць пабудаваць і рэканструяваць 12 аб’ектаў унутраных спраў, 10 — унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў і 4 аб’екты крымінальна-выканаўчай сыстэмы.
«Гэта дазволіць палепшыць умовы нясеньня службы, прыцягнуць кваліфікаваныя і адказныя кадры, дзейнасьці якіх будзе накіравана на выкананьне законных інтарэсаў і бясьпекі грамадзян і грамадзтва, уключаючы зьніжэньне колькасьці злачынстваў супраць жыцьця і здароўя, дарожна-транспартных здарэньняў», — адзначаецца ў праграме.
Цягам папярэдніх пяці гадоў улады прафінансавалі будаўніцтва і рэканструкцыю 6 аб’ектаў органаў унутраных спраў, 10 аб’ектаў унутраных войскаў МУС і 2 аб’екты крымінальна-выканаўчай сыстэмы.
Працяг адмысловай праграмы абгрунтавалі тым, што «рэалізацыя ўскладзеных на МУС задач немагчыма без капітальных укладаньняў і падтрыманьня на неабходным узроўні матэрыяльна-тэхнічнай базы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь у 2025-м: таталітарная дзяржава без таталітарнага грамадзтва