Хроніка перасьледу 31 сьнежня: у Менску асудзілі актывістку ўкраінскай дыяспары

Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У Менску асудзілі актывістку ўкраінскай дыяспары

У Менскім гарадзкім судзе вынесьлі вырак 76‑гадовай Валянціне Логвін, піша «Наша ніва». Актывістку ўкраінскай дыяспары ў Беларусі і спэцыялістку па спартыўнай фізіялёгіі асудзілі па трох палітычных артыкулах:

ч. 1 арт. 130 – распальваньне варожасьці

ч. 1 арт. 368 – абраза Лукашэнкі

ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 – садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці.

Валянціна Логвін атрымала хатнюю хімію. Дакладны тэрмін невядомы.

Валянціна Логвін нарадзілася ў 1949 годзе ў Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны. Скончыла Кіеўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1972) і асьпірантуру Інстытута фізіялёгіі Акадэміі навук Беларусі (1982). Кандыдат біялягічных навук (1986). З 1976 года працавала выкладчыцай Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта фізкультуры.

Валянціна ўзначальвала Цэнтар украінскай культуры «Січ» у Менску, ліквідаваны ў 2023 годзе.

Валянціна Логвін (справа) выступае ля магілы Героя Ўкраіны беларуса Міхаcя Жызьнеўскага пад Гомлем. 2018 год

Арганізацыю «Січ» зарэгістравалі ў Беларусі 26 сьнежня 1995 году. У сеціве захавалася копія ліста ад імя «Січ» у адрас галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкама, зь якога вынікае, што на 1 студзеня 2023 году колькасьць яго сяброў складала 20 чалавек.

У гэтым жа дакумэнце цэнтар дэкляраваў намер прадоўжыць сваю дзейнасьць, а таксама даў справаздачу аб сямі імпрэзах, праведзеных у 2022 годзе. Сярод іх акцыі памяці клясыкаў украінскай літаратуры Тараса Шаўчэнкі і Лесі Ўкраінкі, памяці ахвяр Галадамору, сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 сьнежня: затрымалі маці і дачку зь Менска; сталі вядомыя дэталі «справы Чорных салаўёў»

«Экстрэмісцкімі» прызналі канал украінскага дэпутата і чат знаёмстваў сярод ЛГБТ

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ў сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў дадалі шэраг Telegram-каналаў, а таксама старонак у Instagram і TikTok.

У прыватнасьці, «экстрэмісцкім» прызналі YouTube-канал дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксея Ганчарэнкі.

Сярод Telegram-каналаў і чатаў — яшчэ адзін ўкраінскі рэсурс «Чат Нацiональноï Громади», а таксама беларускія і расейскія: «Культура Движа», «Концлагерь 19», «Переходник», «ΨΨ Белый Край ΨΨ», «чат для нефоров», «Знакомства • ЛГБТ | ЧАТ», «чат Русские Скинхеды», «семья ЗБС», «мусульманский чат», «Базовый Чатик», «Age of History/Civilizations III Best», «РМО | chat», «Исповедь», «Bibliothek», «NS Bibliothek».

«Экстрэмісцкімі» прызналі дзьве старонкі ў Instagram: «freeshop_fundacja_zyvi» і «minskoblastnovosti55», і адну ў TikTok: «Information».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 сьнежня: затрымалі маці і дачку зь Менска; сталі вядомыя дэталі «справы Чорных салаўёў»

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».