83 былыя палітвязьні, прымусова вывезеныя зь Беларусі пасьля вызваленьня 13 сьнежня, падалі ў Польшчы дакумэнты на міжнародную абарону, паведаміла прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК).
Адзначаецца, што гэта зрабілі «ўсе палітвязьні, якія вырашылі легалізавацца ў Польшчы».
Дакумэнты падавалі ў Варшаве, Уроцлаве, Гданьску і Беластоку.
Апэратыўны пачатак працэдуры легалізацыі «зьяўляецца вынікам агульнай працы ініцыятыў „Вольныя“, НАУ, Цэнтру Беларускай салідарнасьці, Dissidentby, Partyzanka, асацыяцыі „Да Волі“ і іншых», гаворыцца ў паведамленьні.
«Выказваю шчырую ўдзячнасьць памежнай службе Польшчы за штодзённую апэратыўную камунікацыю і падтрымку ў падачы зваротаў на міжнародную абарону былымі палітзьняволенымі. Асабліва хачу падзякаваць за агульную сумесную працу прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК, усе беларускія грамадзкія ініцыятывы і валянтэраў», — адзначыў намесьнік кіраўніка АПК Павал Латушка.
Раней паведамлялася, што экс-палітвязьні, якія прыбылі 18 сьнежня ў Варшаву і засталіся там, 19 сьнежня пачнуць падаваць дакумэнты на міжнародную абарону ў Польшчы.
Такую дамоўленасьць дасягнулі падчас размовы Латушкі з кіраўніцтвам Галоўнай камэндатуры Памежнай аховы Польшчы і камэндатуры Памежнай аховы ў Варшаве.
Латушка выказаў удзячнасьць Міністэрству ўнутраных спраў Польшчы, Памежнай ахове і МЗС Польшчы за апэратыўнае рэагаваньне на запыты і садзейнічаньне ў пачатку працэдуры легалізацыі для вызваленых з турмаў беларусаў.
13 сьнежня 2025 года ў межах дамоўленасьцей паміж Менскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 вязьняў (110 грамадзян Беларусі і 13 іншаземцаў) з умовай іх наступнага адʼезду з краіны.
109 беларусаў і пяць украінцаў прыбылі на тэрыторыю Ўкраіны. Яшчэ адзін палітвязень, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў высланы ў Літву.
Вялікая група з 89 беларускіх палітвязьняў 18 сьнежня прыбыла з Украіны ў Варшаву.
Сярод тых, хто прыбыў у польскую сталіцу, былі Марыя Калесьнікава і Віктар Бабарыка, якія пасьля адʼехалі ў Нямеччыну. 20 чалавек прыехалі ў Вільню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба змагацца за ўсіх». Што палітвязьні расказалі ў Вільні пра ўмовы трыманьня, працу ў калёніях і вызваленьне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў яшчэ 22 зьняволеных, зь іх 20 палітвязьняў