«Калі гандаль людзьмі ўжо ідзе — трэба таргавацца», — філёзаф, былы палітвязень Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Былы палітвязень, філёзаф Уладзімер Мацкевіч у праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказаў на пытаньні аб цане 2020 году і аб тым, ці чакае Беларусь паўтарэньне тых падзеяў.

У 2021 годзе, незадоўга да свайго арышту, Мацкевіч ў артыкуле для зборніку «Неверагодны 2020-ы» адказаў на пытаньне, ці вартае было тое, што адбылося ў 2020 годзе, сьмерцяў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў? Адказ быў — «Шкадаваць трэба пра тое, што мы не скарысталіся шанцам у жніўні 2020 году. І каб ахвяры не былі марнымі, мы мусім перамагаць».

Філёзаф кажа, што такі ж ягоны адказ і зараз. Ён кажа, што яшчэ ў жніўні 2021 году, перад арыштам, глядзеў без ілюзіяў на пэрспэктывы і перамогі і эміграцыі, у якую ён адмаўляўся выпраўляцца. У турме ён чакаў дэградацыі эміграцыі і зацісканьня тых, хто застаўся ў краіне. Паводле яго рэчаіснасьць аказалася ўсё ж лепш, чым ён прагназаваў у турме: «Мы ня ўсё згубілі, што маглі».

Цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі Мацкевіч характарызуе як «халодную грамадзянскую вайну».

На пытаньне пра магчымасьць прымірэньня і пра тое, ці чакае Беларусь «вечны 2020 год» з паўтарэньнем спробаў зрынуць уладу, філёзаф адказаў, што вайна можа скончыцца капітуляцыяй або разгромам аднаго з бакоў — ці кампрамісам, перамовамі, калі ніхто не дасягае абсалютнай перамогі.

«Я заўсёды быў прыхільнікам перамоваў. У жніўні 2020 году, калі ўсталявалася фактычнае двоеўладзьдзе, быў кароткі пэрыяд (пара тыдняў пасьля 9 жніўня), калі трэба было пачынаць сапраўдныя перамовы з пазыцыі сілы, але менавіта пра кампраміс» — кажа ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не Лукашэнка вінаваты. І не сілавікі». Мацкевіч пра працу над памылкамі

Цяпер, паводле Мацкевіча, ні беларускае грамадзтва ня можа зрынуць рэжым, ні рэжым не кантралюе ўсё цалкам — у яго шмат праблем (санкцыі, эканоміка, палітыка). Таму ёсьць прастора для ўплыву: задавальняць пэўныя патрэбы рэжыму ў абмен на спыненьне рэпрэсій і магчымасьць вяртаньня эмігрантаў у краіну. Мацкевіч абараняе ідэю перамоваў як рэалістычную палітыку. Ён лічыць неабгрунтаванымі абвінавачаньні ў «здрадзе» ці «калябарацыі». На аргумэнт «нельга гандляваць людзьмі» ён адказвае: гандаль ужо ідзе, таму трэба таргавацца, каб крок за крокам дасягаць хаця б невялікіх перавагаў і мэтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Уладзімер Мацкевіч: «Рэжым ня можа пераканаць грамадзтва, грамадзтва ня здольнае перамагчы рэжым»