У Расеі і Беларусі паказалі, як комплекс «Арэшнік» заступіў на баявое дзяжурства ў Беларусі

Расейскі ракетны комлекс «Арэшнік», нібыта разьмешчаны ў Беларусі. Скрыншот зь відэа Мінабароны Беларусі

Міністэрства абароны Расеі апублікавала відэазапіс з цырымоніі, прымеркаванай пачатку баявога дзяжурства ў Беларусі расейскага падразьдзелу, абсталяванага рухомым грунтавым ракетным комплексам «Арэшнік».

У паведамленьні не адзначаецца месца, дзе разьмясьцілі расейскі комплекс, і колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія яго абслугоўваюць.

«Спэцыялісты баявых разьлікаў пуску, сувязі, аховы і энэргазабесьпячэньня, а таксама мэханікі-кіроўцы агрэгатаў ракетнага комплексу перад заступленьнем на баявое дзяжурства прайшлі перападрыхтоўку на сучасных навучальна-трэнавальных сродках. У Рэспубліцы Беларусь заўчасна стварылі ўсе ўмовы для нясеньня баявога дзяжурства і пражываньня расейскіх вайскоўцаў. Асабовы склад падразьдзелу асвойвае новыя раёны баявога патруляваньня», — адзначылі ў міністэрстве абароны Расеі.

Міністэрства абароны Беларусі апублікавала аналягічнае паведамленьне. У ім дадаткова адзначаецца, што «комплекс здольны дасягаць цэлі на адлегласьці да 5000 кілямэтраў, і можа ўзбройвацца як звычайнай, так і спэцыяльнай баявой часткай, выконваць пускі зь любога пункту маршруту баявога патруляваньня».

На кадрах, амаль адначасова апублікаваных двума міністэрствамі абароны Расеі і Белаурсі, можна разгледзець будынкі, разьмяшчэньне якіх нагадвае месца імавернага разьмяшчэньня ракетнага комплексу «Арэшнік», знойдзенага 26 сьнежня амэрыканскімі дасьледчыкамі каля Крычава. Гэта тэрыторыя былой вайсковай авіябазы, якая доўгі час знаходзілася ў стане запусьценьня. Спадарожнікавыя здымкі паказалі сьпешнае будаўніцтва, якое пачалося ў жніўні 2025 -га. Сярод прыкмет – ваенны чыгуначны вузел, які можа служыць для дастаўкі ракет і замаскаваныя бэтонныя пляцоўкі, якія могуць выкарыстоўвацца як пускавыя пазыцыі.

Што папярэднічала

Аб тым, комплекс «Арэшнік» ужо завезены ў Беларусь, заявіў 18 сьнежня Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе.

«Ён у нас з учарашняга дня і заступае на баявое дзяжурства», — сказаў ён.

Пасьля гэтага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што ўкраінскі бок ведае аб разьмяшчэньні расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік» у Беларусі і прадставіў гэтую інфармацыю сваім міжнародным партнэрам.

Кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў назваў заявы аб разьмяшчэньні расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік» у Беларусі дэманстрацыйным актам запалохваньня.

«Гэта дэманстратыўныя дзеяньні. Кіраўніцтва Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі робіць гэта максымальна дэманстратыўна», — сказаў Кірыла Буданаў у інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу «Суспільне».

На ўдакладняючае пытаньне, ці зьяўляецца гэта запалохваньнем, кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны адказаў:

«Так. Гэта сродак ядзернага стрымліваньня, ён так і называецца. Стрымліваньне — вось ключавая фраза».


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буданаў адрэагаваў на «Арэшнік» у Беларусі, вызваленьне зьняволеных і кантакты ЗША з Лукашэнкам

13 сьнежня кіраўнік Службы зьнешняй выведкі Украіны Алег Івашчанка заявіў, што калі «Арэшнік» зьявіцца ў Беларусі, Менск «ня будзе мець ніякіх правоў і паўнамоцтваў на яго прымяненьне», комплекс будзе знаходзіцца «ў адзінай сыстэме кіраваньня Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня РФ».

«Разгортваньне „Арэшніка“ на тэрыторыі Беларусі — гэта сродак ціску перш за ўсё на ЭЗ і NATO, а не на Ўкраіну, — сказаў Івашчанка. — Такі крок дазволіць Расеі пашырыць свае здольнасьці для нанясеньня раптоўнага ўдару па сталіцы любой эўрапейскай краіны і значна зьменшыць час падлёту ракет у параўнаньні з запускам з палігону Капусьцін Яр».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледчыкі знайшлі месца ў Беларусі, дзе базуецца «Арэшнік» — Reuters

12–16 верасьня прайшлі маштабныя беларуска-расійскія вучэньні «Захад-2025», падчас якіх былі адпрацаваны «планаваньне прымяненьня» ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

26 студзеня 2025-га Лукашэнка заявіў журналістам, што «Арэшнік» будзе дастаўлены ў Беларусь «з дня на дзень». Пры гэтым, гаворачы аб тэрмінах пастаўкі, ён паведаміў, што «гэта не гарыць».

18 сакавіка дзяржсакратар Савета бясьпекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што ў краіне падрыхтаваныя пляцоўкі для разьмяшчэньня «Арэшніка».

Упершыню аб жаданьні разьмясьціць «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада 2024 года на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта поўная брахня!» Лукашэнка адрэагаваў на расьсьледаваньне Свабоды пра дысьлякацыю расейскага «Арэшніку»