Другі дзень працы 7-га Ўсебеларускага народнага сходу пачаўся з дакладу старшыні ўраду Беларусі Аляксандра Турчына пра пляны разьвіцьця эканомікі краіны на будучыя 5 гадоў. Даклад доўжыўся ўсяго 20 хвілін, пасьля чаго слова зноў узяў Аляксандр Лукашэнка, які пачаў камэнтаваць і дапаўняць выступ прэм’ер-міністра.
Неўзабаве Лукашэнка паведаміў удзельнікам Сходу, што расейскі ракетны комплекс «Арэшнік», пра зьяўленьня якога ў Беларусі ён заявіў ўчора, напалову «беларускай вытворчасьці».
«Мне Ўладзімір Уладзіміравіч [Пуцін] сказаў: „А ты ведаеш, што „Арэшнік“ — гэта большая палова беларускай вытворчасьці?“ Ды гасподзь з табой! Першы раз чую. Аказваецца, толькі ракета — складаная тэхнічная канструкцыя — расейская вытворчасьць. Усё астатняе — беларускае. Вось ён заступіў на баявое дзяжурства — там не адна машына. Ня буду тут расказваць, колькі іх, і гэтак далей, там машына забясьпячэньня і сама пускавая ўстаноўка — гэта беларускай вытворчасьці», — сказаў Лукашэнка пра «Арэшнік».
Закрануў Аляксандр Лукашэнка і пытаньне пра месца разьмяшчэньня расейскага «Арэшніку» ў Беларусі. Паводле Лукашэнкі, гэта ня Слуцкі раён.
«Сёньня прачытаў: нашы ачумелыя за мяжой заявілі, што недзе ў раёне Слуцку мы разьмясьцілі „Арэшнік“. Не хачу казаць дзе, не скажу, але ну гэта поўная брахня! Ні ў якім Слуцку мы „Арэшнік“ не разьмяшчалі. Разьмясьцілі там, дзе больш выгадна, але я пра гэта казаць ня буду, — сказаў Лукашэнка і дадаў, што «ракета нам патрэбна». — Ім абы ляпнуць у сродках масавай інфармацыі. Паўстае пытаньне, навошта амэрыканцы і эўрапейцы ім грошы плацяць? Яны ж ні чорта ня ведаюць».
У верасьні Свабода апублікавала эксклюзіўнае расьсьледаваньне пра маштабнае сакрэтнае будаўніцтва стратэгічнага вайсковага аб’екту на поўдзень ад Менску, у Слуцкім раёне каля вёскі Паўлаўка. На падставе аналізу спадарожнікавых здымкаў экспэрты выказалі вэрсію, што новы аб'ект — магчымае месца разьмяшчэньня расейскага балістычнага ракетнага комплексу.
Пацьверджаньняў заяве Лукашэнкі пра дысьлякацыыю «Арэшніку» ў Беларусі няма. Раней ён сам і ягоны хаўрусьнік Расея неаднойчы пагражалі Эўропе разьмясьціць комплекс на беларускай тэрыторыі. Кіраўнік Цэнтра па супрацьдзеяньні дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Каваленка назваў гэту заяву «прапагандай страху для Эўропы выключна».
Форум