Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве назвалі «прапагандай страху» заяву Лукашэнкі аб разьмяшчэньні ў Беларусі «Арэшніка»


Сымболіка Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны
Сымболіка Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны

Пра тое, што разьмяшчэньне «Арэшніка» ў Беларусі ўяўляе небясьпеку для Эўропы, заяўляў раней прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Інфармацыя аб разьмяшчэньні ў Беларусі расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік» зьяўляецца «прапагандай страху для Эўропы выключна», заявіў кіраўнік Цэнтра па супрацьдзеяньні дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Каваленка.

«Гэтая зброя носіць выключна інфармацыйны характар», — цытуе Каваленку партал unn.ua.

Аб тым, комплекс «Арэшнік» ужо завезены ў Беларусь, заявіў 18 сьнежня Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе.

«Ён у нас з учарашняга дня і заступае на баявое дзяжурства», — сказаў ён.

13 сьнежня кіраўнік Службы зьнешняй выведкі Украіны Алег Івашчанка заявіў, што калі «Арэшнік» зьявіцца ў Беларусі, Менск «ня будзе мець ніякіх правоў і паўнамоцтваў на яго прымяненьне», комплекс будзе знаходзіцца «ў адзінай сыстэме кіраваньня Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня РФ».

«Разгортваньне „Арэшніка“ на тэрыторыі Беларусі — гэта сродак ціску перш за ўсё на ЭЗ і NATO, а не на Ўкраіну, — лічыць Івашчанка. — Такі крок дазволіць Расеі пашырыць свае здольнасьці для нанясеньня раптоўнага ўдару па сталіцы любой эўрапейскай краіны і значна зьменшыць час падлёту ракет у параўнаньні з запускам з палігону Капусьцін Яр».

12–16 верасьня прайшлі маштабныя беларуска-расійскія вучэньні «Захад-2025», падчас якіх былі адпрацаваны «планаваньне прымяненьня» ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

26 студзеня 2025-га Лукашэнка заявіў журналістам, што «Арэшнік» будзе дастаўлены ў Беларусь «з дня на дзень». Пры гэтым, гаворачы аб тэрмінах пастаўкі, ён паведаміў, што «гэта не гарыць».

18 сакавіка дзяржсакратар Савета бясьпекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што ў краіне падрыхтаваныя пляцоўкі для разьмяшчэньня «Арэшніка».

Упершыню аб жаданьні разьмясьціць «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада 2024 года на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG