Абрамовіч не перадае Ўкраіне грошы за «Чэлсі». Вось як ён гэта тлумачыць

Раман Абрамовіч (зьлева)

Прадстаўнікі расейскага мільярдэра Рамана Абрамовіча заявілі, што сродкі ад продажу ангельскага футбольнага клюба «Чэлсі» ня могуць быць перададзены дабрачыннаму фонду ў падтрымку Ўкраіны да таго часу, пакуль улады брытанскага вострава Джэрзі ня спыняць расьсьледаваньне ў дачыненьні да бізнэсоўца.

Як піша The Times, гаворка ідзе пра суму каля паўтара мільярда фунтаў, атрыманых ад продажу «Чэлсі». Паводле выданьня, Абрамовіч мае намер ігнараваць патрабаваньні прэм’ер-міністра Брытаніі Кіра Стармэра аб перадачы ўсіх гэтых грошай.

The Times таксама паведамляе, што мільярдэр наняў каманду юрыстаў для ўдзелу ў судовым працэсе. Сярод іх — былы дарадца прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Эрык Гершман. Абрамовіч, паводле інфармацыі выданьня, плянуе падаць сустрэчны пазоў на суму каля двух з паловай мільёнаў фунтаў.

Сродкі ад продажу «Чэлсі» ў памеры больш за два мільярды фунтаў, а таксама 150 мільёнаў фунтаў працэнтаў, з 2022 году замарожаныя на банкаўскім рахунку кампаніі Абрамовіча Fordstam Ltd.

Агулам суды Джэрзі замарозілі актывы бізнэсоўца на суму больш за пяць мільярдаў фунтаў. Гэта зьвязана з расьсьледаваньнямі па падазрэньні ў адмываньні грошай і з санкцыям. Прадстаўнікі Абрамовіча сьцьвярджаюць, што судовыя працэсы і замарозка сродкаў блякуюць юрыдычны мэханізм для выплаты сродкаў Украіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ціснуць на Лукашэнку і алігархаў, а не на звычайных беларусаў. Расказвае канадзкі ініцыятар санкцыяў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеці расейскага мільярдэра Абрамовіча атрымалі пашпарты Літвы і дапамагалі бацьку абыходзіць санкцыі