Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці расейскага мільярдэра Абрамовіча атрымалі пашпарты Літвы і дапамагалі бацьку абыходзіць санкцыі


Раман Абрамовіч
Раман Абрамовіч

Двое дзяцей расейскага алігарха Рамана Абрамовіча, 30-гадовы Аркадзь і 31-гадовая Ганна, атрымалі грамадзянства Літвы, паведамляюць Siena і OCCRP.

Siena — расьсьледніцкі праект, які ўваходзіць у структуру OCCRP, міжнароднай журналісцкай арганізацыі, якая змагаецца з карупцыяй і спэцыялізуецца на расьсьледаваньнях працы ўладных структураў у розных краінах.

Журналісты даведаліся пра пашпарты дзяцей алігарха з выцеку дакумэнтаў афшорнага пастаўніка паслуг MeritServus. Ён базуецца на Кіпры і больш за 20 гадоў кіруе актывамі Абрамовіча.

Паводле зьвестак выданьня, старэйшы сын Абрамовіча Аркадзь атрымаў літоўскі пашпарт 22 лютага 2022 году — за два дні да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Калі атрымала пашпарт Ганна Абрамовіч, невядома.

Расьсьледнікі не знайшлі нерухомасьць або кампаніі, якія належаць у Літве непасрэдна Аркадзю і Ганьне. Яны мяркуюць, што літоўскія пашпарты — гэта адзіны актыў дваіх дзяцей Рамана Абрамовіча ў Літве. На якой падставе яны былі выдадзеныя, невядома. Дэпартамэнт міграцыі Літвы адмовіўся даць інфармацыю аб тым, ці маюць сын і дачка Абрамовіча літоўскія пашпарты, спаслаўшыся на тое, што яны не зьяўляюцца публічнымі асобамі.

Журналісты адзначаюць, што літоўскія пашпарты Аркадзя і Ганны выкарыстоўваліся для апэрацыяў, якія звычайна разглядаюцца як спроба абысьці санкцыі. The Guardian у студзені сёлета пісала, што Раман Абрамовіч за тры тыдні да пачатку ўварваньня РФ ва Ўкраіну перапісаў на сваіх семярых дзяцей актывы зьвязаных зь ім трастаў на суму сама меней $4 млрд.

Рэарганізацыя трастаў можа ўскладніць намаганьні ў выкананьні санкцыяў супраць алігарха і патэнцыйна сарваць спробы замарозіць актывы, якія яму належалі. Журналісты падкрэсьліваюць, што ў дачыненьні да Абрамовіча санкцыі ўвялі толькі Эўразьвяз і Вялікая Брытанія, а ў санкцыйным сьпісе ЗША алігарх ня значыцца.

Бізнэсовец прылятаў у Літву ў 2018 годзе. СМІ тады выказалі здагадку, што ён спрабаваў атрымаць літоўскае грамадзянства. Літва дазваляе атрымаць грамадзянства нашчадкам людзей, якія мелі яго да таго, як Расея акупавала краіну ў 1940 годзе. Бабка і дзед Абрамовіча па бацькоўскай лініі жылі ў Літве ў 1940-х гадах, а ягоны дзед быў сярод тысячаў літоўцаў, дэпартаваных у Сібір, дзе ён і памёр.

У траўні 2018 году ў Абрамовіча ўзьніклі праблемы з дазволам на жыхарства ў Вялікай Брытаніі (Абрамовіч знаходзіўся ў гэтай краіне на падставе доўгатэрміновай бізнэс-візы). Пазьней ён атрымаў грамадзянства Ізраілю паводле так званага Закону аб вяртаньні на падставе свайго габрэйскага паходжаньня. Ізраільскі пашпарт дае яму права бязьвізавага ўезду ў Вялікую Брытанію, якая зьяўляецца асноўным цэнтрам яго бізнэс-інтарэсаў.

У 2021 годзе Абрамовіч атрымаў грамадзянства Партугаліі паводле закону аб натуралізацыі нашчадкаў габрэяў-сэфардаў, выгнаных зь Пірэнэйскага паўвострава ў пэрыяд сярэднявечнай інквізыцыі. У студзені 2022 годзу было распачатае расьсьледаваньне наконт выдачы яму грамадзянства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG