Згодна з прагнозам, на большай частцы краіны — сьнег, мокры сьнег. Вецер паўночна-заходні 5-10 м/с з парывамі да 14 м/с. Тэмпэратура паветра ад −3 да +3°С.
У Міністэрстве ў надзвычайных сытуацыях Беларусі сярод фактараў бясьпекі назвалі пашкоджаньні ліній сувязі і электраперадач, складанасьці ў руху транспарту, павелічэньне імавернасьці дарожна-транспартных здарэньняў, павелічэньне рызыкі траўматызму грамадзян.
ДТЗ пад Чэрвенем
Увечары 28 сьнежня на 42 кілямэтры аўтамабільнай дарогі М-4 «Менск—Магілёў» на тэрыторыі Чэрвеньскага раёну адбылося ДТЗ, якое справакавала шэраг іншых дарожных здарэньняў, у выніку якіх пацярпелі дзевяць аўтамабіляў, у тым ліку адзін грузавы.
Згодна зь інфармацыяй упраўленьня ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму, адну ўдзельніцу ДТЗ шпіталізавалі ў лякарню для абсьледаваньня. У ведамстве рэкамэндавалі кіроўцам быць пільнымі ў складаных умовах надвор’я — не рабіць рэзкіх манэўраў, выбіраць бясьпечныя хуткасьць і дыстанцыю.
Камунальнікі расказалі, што найперш ачышчаюць ад сьнегу
У Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі паведамілі, што з раніцы на прыбіраньне сьнегу і галалёду выйшлі больш за 3 350 працаўнікоў камунальных службаў. У працы задзейнічалі 927 адзінак спэцыяльнай тэхнікі.
«Найперш ачышчаюць ад сьнегу праезды грамадзкага транспарту і прыпынкі, пад’езды да ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, выхады з пад’ездаў, тратуары ўздоўж будынкаў, кантэйнэрныя пляцоўкі для вывазу сьмецьця», — паведамілі ў ведамстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За сьмяротнае ДТЗ з аўтобусам «Берасьце — Масква» распачалі крымінальную справу