Сярод агульнай колькасьці асуджаных 45 чалавек пэнсійнага веку: 27 жанчын і 18 мужчын. Сёлета ў Беларусі працягвалася практыка завочных судоў. У 2025 годзе ў парадку так званай спэцвытворчасьці асудзілі 30 чалавек, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Самы распаўсюджаны від пакараньня па палітычна матываваных крымінальных артыкулах — абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»). Да «хатняй хіміі» асудзілі 555 чалавек, да «хіміі» — 42 чалавекі, да пазбаўленьня волі — 306 чалавек. Самай частай нагодай для палітычных крымінальных судоў застаецца ўдзел у акцыях пратэсту — паводле арт. 342 КК асудзілі 643 чалавекі.
Па стане на 23 сьнежня 2025 года ў беларускіх месцах зьняволеньня працягваюць утрымліваць 1135 палітвязьняў. З іх 968 — мужчыны, 168 — жанчыны.
«Вясна» адзначае, што пасьля вызваленьня 189 былых палітвязьняў былі прымусова вывезеныя з краіны, і пазбаўленыя магчымасьці застацца дома.
Сёлета статус «палітвязьня» атрымалі агулам 509 чалавек.
Цягам 2025 года пры спрыяньні ЗША былі памілаваныя 342 чалавекі. Агулам зь ліпеня 2024 года на волю па памілаваньні выйшлі 569 палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 сьнежня: затрымалі маці і дачку зь Менска; сталі вядомыя дэталі «справы Чорных салаўёў»Сярод вызваленых палітвязьняў у гэтым годзе: кіраўнік і заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч. Таксама на волю выйшлі палітвязьні, якія шмат месяцаў правялі ў рэжыме інкамунікада без сувязі з мірам: юрыст Максім Знак, пэнсіянэрка Алена Гнаўк, былы прэтэндэнт у прэзыдэнцкіх прэзыдэнтаў Віктар Бабарыка, кіраўніцы выбарчага штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава.
У 2025 годзе пасьля памілаваньня і раптоўнага вызваленьня з месцаў няволі 189 палітвязьняў гвалтоўна вывезьлі з Беларусі. Але Мікола Статкевіч адмовіўся пакідаць краіну і зараз знаходзіцца ў зьняволеньні.
У Беларусі працягваюць выкарыстоўваць ізаляцыю вязьняў ад зьнешняга сьвету ў якасьці дадатковага ціску. Такім чынам наўпрост цяпер ня менш за 4 палітвязьні ўтрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада: Аляксандар Арановіч, Уладзімір Кніга, Мікалай Статкевіч, Аляксандар Францкевіч.
У 2025 годзе за кратамі памерлі двое палітвязьняў — Валянцін Штэрмер і Андрэй Паднябенны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1135 палітвязьняў на канец году, 509 новых палітвязьняў за год — праваабарончы цэнтар «Вясна»