Суму збору для маці Кацярыны Ваданосавай сабралі менш як за тры дні

Кацярына і Нэлі Ваданосавы

На раніцу 29 сьнежня ахвяравана 15 246 эўра з названых 15 тысяч.

Заяўленая сума збору на плятформе фонду салідарнасьці BySol для маці Кацярыны Ваданосавай, якая перанесла інсульт, пакрытая за няпоўныя тры дні. Збор пад назвай «Мая мама памірае. Цуду не адбылося» быў адкрыты 26 сьнежня.

У 74-гадовай Нэлі Ваданосавай трыма днямі раней адбылося кровазьліцьцё ў мозг, пасьля шпіталізацыі ёй правялі апэрацыю.

«Маю маці падключылі да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх і іншых сыстэмаў забесьпячэньня. Але мозг пашкоджаны незваротна, у нас застаўся толькі адзін шлях», — гаворыцца ў апісаньні збору ад імя дачкі.

Ваданосава-малодшая падзякавала ў сацсетках тым, хто адгукнуўся.

«Стан мамы не зьмяніўся. <…> Радыёлягічнае дасьледаваньне паказала сьмерць мозгу», — дадала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Кацярыны Ваданосавай у рэанімацыі: празь бюракратыю ў яе няма страхоўкі, BYSOL абвясьціў збор

39-гадовая Кацярына Ваданосава — беларуская тэлевядоўца, блогерка, сьпявачка, гісторык з адукацыі. Пасьля палітычна матываванага перасьледу яна змушана пакінула Беларусь і цяпер жыве ў Польшчы. У эміграцыі перанесла анкалягічнае захворваньне.

У 2024 годзе да Нэлі Ваданосавай у Менску прыходзілі сілавікі, пасьля чаго ў той здарыўся інфаркт. Пазьней яна пераехала да дачкі і чакала ў Польшчы атрыманьня міжнароднай абароны. Аднак праз пэўны час Управа ў справах замежнікаў спыніла вядзеньне і выдала пастанову пра перадачу Ваданосавай-старэйшай у Літву ў сувязі з тым, што тая ўяжджала ў краіну зь літоўскай візай — у рамках Дублінскага рэглямэнту.

Рашэньне аспрэчылі ў судзе. У кастрычніку 2025 году Адміністрацыйны суд Варшавы стаў на бок заяўніцы, улічваючы індывідуальныя абставіны — яе ўзрост, стан здароўя, а таксама тое, што адзіныя блізкія пражываюць у Беластоку. Такім чынам, Нэлі Ваданосава змагла застацца ў Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу сапраўдную гітару, надзьмуханы пуфік і чупа-чупс». Дзецям палітвязьняў сабралі палову сумы на Раство